Падчас Кангрэсу даследчыкаў Беларусі група ўдзельнікаў наведала магілу аўтара праекта беларускага нацыянальнага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Ён быў архітэктарам, у міжваенны час працаваў у Літоўскай Рэспубліцы, там жа яго пасля вайны арыштавалі саветы, туды ён вярнуўся з Сібіры паміраць. Ён пахаваны ў Коўне.

На магіле дзеяча айцец Сяргей Стасевіч з Лондана адслужыў ліцію па Дуж-Душэўскім і яго сям’і. Яму дапамагаў айцец Андрэй Крот з Гродна.

Ковенскі беларус Васіль Казлоўскі (па яго словах, у Коўне жыве 1100 беларусаў) распавёў пра выкладчыцкую дзейнасць Дуж-Душэўскага, архітэктара, выкладчыка гідраўлікі ў Ковенскім політэхнічным інстытуце.

У Коўне захаваліся будынкі, спраектаваныя Дуж-Душэўскім, у прыватнасці, два дамы ў самым цэнтры, ва ўніверсітэцкім квартале, пры вул. Donelaicio.

У адным з дамоў захаваліся арыгінальныя дзверы 1936 года.

* * *

Даехаць да могілак, дзе пахаваны беларускі дзеяч, можна ад цэнтра (універсітэт, пр. Вітаўта, аўтавакзал, чыгуначны вакзал) на тралейбусе №5 да прыпынку Petrasune (можна арыентавацца на вялікую краму «Maxima»).

Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага знаходзіцца ў квадраце 11.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?