Другі сезон сучасных бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова» стартаваў у Баранавічах ад сярэдзіны верасня.

Модная родная мова

Лінгвістычныя курсы «Мова нанова» з’явіліся ў пачатку гэтага года ў Мінску. Іх заснавалі вядомы беларускі блогер Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская.

– Многія беларусы любяць казаць, што беларуская – іх родная мова, аднак не зусім добра або зусім нядобра ведаюць яе. Час прызнацца самім сабе, што сёння нам трэба вучыць мову нанова! Такія прыклады – калі народ адраджаў паўзабытую мову – у гісторыі ёсць, і гэта натхняе! – так патлумачыў тады неабходнасць сучасных курсаў беларускай мовы Глеб Лабадзенка.

У Баранавічах першыя заняткі «Мова нанова» прайшлі 15 сакавіка. Як і ў іншых рэгіянальных гарадах, іх правялі заснавальнікі курсаў, якія пазней перадалі эстафету выкладання мясцовым энтузіястам.

– Мяне заахвоціла тое, што без асаблівай рэкламы і шуму курсы «Мова нанова» ад першых заняткаў пачалі збіраць у Мінску па 250 – 270 чалавек. Пазней я прачытала, што «Мова нанова» пачалася ўжо нават у Бабруйску. Падумала: дык чым жа Баранавічы горшыя? І я напісала Глебу, каб ён з Алесяй прыехаў і да нас, – распавядае «IP» куратар і выкладчык курсаў «Мова нанова – Баранавічы» Юля Траццяк.

Дзякуючы падобным энтузіястам, сёння курсы «Мова нанова» існуюць не толькі ў Мінску, але і ў Берасці, Гародні, Віцебску, Маладзечне, Бабруйску, Нясвіжы, а таксама ў Кіеве і Кракаве.

Кажы і не саромейся!

Два асноўныя прынцыпы курсаў «Мова нанова» – бясплатная аснова і інтэрактыў. Першы азначае, што наведнікі заняткаў нічога за іх не плоцяць, прымаецца толькі дапамога папераю, ужыванай тэхнікай і падобнае. Другі прынцып прадугледжвае, што, апроч граматычнага блоку з тлумачэннем тэорыі і замацаваннем яе на практыцы, кожныя заняткі абавязкова прадугледжваюць гульні, конкурсы і шмат іншай камунікацыі. Самыя актыўныя і паспяховыя ўдзельнікі атрымліваюць кнігі і іншыя прызы ад кампаніі «Будзьма!» і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

На кожныя заняткі «Мова нанова», прысвечаныя пэўнай тэме, арганізатары імкнуцца запрашаць тэматычных гасцей. Так, на заняткі па тэме «Рыцары» завітвалі хлопцы з рыцарскага клуба «Шляхецкая застава», а на тэму «Тэатр» у Баранавічы з Мінска прыязджалі з Батлейкай акторкі Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова, якія паказалі дзве сцэнкі па матывах кніг шведскай дзіцячай пісьменніцы Юі Вісландэр. А тэму «Архітэктура» наведнікі заняткаў увогуле вывучалі ў фармаце экскурсіі: наведалі старадаўні парк і касцёл у Крошыне.

– Мы стварылі пляцоўку, дзе ўсе ахвотныя могуць бясплатна вучыць беларускую мову, знаёміцца адзін з адным, камунікаваць… Мову сёння нібыта ніхто не забараняе, але ў рэальнасці яе амаль нідзе не чуваць. Многія не могуць пачаць размаўляць па-беларуску, бо саромеюцца сказаць штосьці няправільна. Наш прынцып: галоўнае – пачаць. Усім разам вучыцца размаўляць правільна і прыгожа значна лягчэй, – кажа Юля Траццяк.

 

Хто і навошта сёння вучыць родную мову? З наведнікамі курсаў «Мова нанова – Баранавічы» паразмаўляла «IP».

Павел Казлоў, бухгалтар ААТ «Баранавічхлебапрадукт»:

– Часцей мне даводзіцца карыстацца рускай мовай, але я размаўляю і па-беларуску. На маёй працы беларуская мова сёння не надта запатрабавана, бо ўсё справаводства вядзецца па-руску. Але незалежна ад таго, наколькі шырока чалавек карыстаецца беларускай мовай ці не размаўляе на ёй зусім, я лічу, што кожны беларус як мінімум мусіць дасканала ведаць мову. Калісьці нямецкая мова ў Чэхіі пачала выцясняць чэшскую, але з часам чэхі падтрымалі сваю мову і выправілі сітуацыю. Таму гісторыя падказвае нам, што шансы ў нас ёсць.

Апошні раз я вывучаў мову шэсць гадоў таму, на першым курсе ўніверсітэта. Курсы «Мова нанова» – ледзь не адзіная магчымасць у нашым горадзе пасля школы і ўніверсітэта папрактыкавацца ў мове. Да таго ж гэта выдатная магчымасць добра правесці час у добрай кампаніі, пабачыць гасцей, якіх у іншых месцах пабачыць немагчыма. Вельмі хочацца бачыць і ў Баранавічах на курсах столькі людзей, каб не ставала вольных месцаў, як бывае ў Мінску.

Вячаслаў Кандрацюк, спецыяліст па крэдытаванні БПС-банка:

– У нашых сённяшніх рэаліях беларуская мова – гэта выдатная магчымасць выбіцца з натоўпу. У школе я быў звычайным хлопцам, жыў абы жыць – як жыве большасць. Мяне не цікавіла нічога, акрамя футбола і камп’ютара, а мова была проста школьным урокам, які трэба было адбыць. Калі я навучаўся ва ўніверсітэце, мне пашчасціла пасябраваць з людзьмі, у якіх кругагляд быў нашмат шырэйшы за мой. Яны цікавіліся палітыкай, сачылі за навінамі, чыталі кнігі, некаторыя размаўлялі па-беларуску. Шмат чаго перавярнулася ў маёй галаве, калі я паглядзеў фільм «Плошча-2006». А калі прачытаў раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – дык мне, як кажуць, аж у сэрца закалола ад асэнсавання прыгажосці нашай мовы. У кнізе было столькі сінонімаў, адценняў аднаго паняцця, што ў мяне сарвала дах. Крок за крокам я пачаў ствараць уласную беларускамоўную прастору вакол сябе: пісаў па-беларуску ў сацсетках, знаёміўся на мове з дзяўчатамі… Пакуль мне складана наладзіцца, каб размаўляць па-беларуску паўсюль. Спачатку трэба навучыцца валодаць мовай дасканала, таму я і пайшоў на курсы «Мова нанова». Мова – адзін з асноўных маркёраў нацыі, таму я веру, што за ёю – будучыня. І тыя, хто валодаюць беларускай мовай, калісьці будуць наперадзе.

Юля Емельяновіч, вучаніца 10 класа 2-й гімназіі:

– Курсы «Мова нанова» сталі пачаткам маёй беларускамоўнасці. Таму я лічу іх вельмі добрай задумкай. Калі хаця б раз на тыдзень сустракаешся з беларускамоўнымі людзьмі, практыкуешся ў мове, значна прасцей і самому пачаць карыстацца моваю ў побыце.

Пасля курсаў я пачала размаўляць па-беларуску з некаторымі сябрамі, з якімі раней мы толькі абмяркоўвалі гэта. Цяпер раблю спробы размаўляць на мове і ў сям’і, у крамах, у транспарце, на вуліцы, асабліва ў эмацыйных сітуацыях. Спрабавала таксама рабіць гэта ў школе, але там, на жаль, практычна няма з кім размаўляць.

Многія вучні ставяцца да мовы як да нейкага другаснага прадмета, некаторыя ўвогуле лічаць яго лішнім.

Я перакананая, што нацыя не можа жыць без мовы. Мова змяняе людзей, змяняе іх светапогляд… Мова ў першую чаргу робіць беларусаў беларусамі. Чамусьці рускія, украінцы, у адрозненне ад нас, імкнуцца захаваць сваю мову, прапагандуюць яе ў сябе і за межамі сваіх краін. У мяне маці – руская, і яна здзіўляецца, чаму беларусы цураюцца сваёй мовы.

Таццяна Філіпчык, студэнтка 1 курса БарДУ:

– Дзесьці з 10-га класа школы я пачала задумвацца пра тое, што трэба пашыраць ужыванне беларускай мовы ў розных сферах жыцця. У штодзённым жыцці на беларускую мову я пакуль не перайшла, але па дарозе з курсаў «Мова нанова» з сяброўкай ужо імкнемся размаўляць па-беларуску. Добра, што такая магчымасць у нас ёсць, бо ў Баранавічах беларускамоўная прастора зусім малая – не тое, што ў Мінску. Так, мы вывучаем мову ў школе, настаўнікі падрабязна тлумачаць нам правілы, але ў вучняў зусім няма часу, каб камунікаваць. На курсах мы шмат размаўляем, практыкуемся ў мове. Да таго ж на курсах мы атрымліваем не толькі правілы граматыкі, але і веды па гісторыі, этнаграфіі… На курсах нам шмат распавядаюць пра гісторыю развіцця мовы, а ў школе вывучаецца пераважна яе савецкі варыянт. Мне не падабаецца, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Была б беларуская адзінай дзяржаўнай – гэта быў бы дастатковы стымул, каб беларусы пачалі размаўляць на сваёй мове. А так – ніхто не хоча напружвацца. І сітуацыя пагаршаецца. У 5-м класе я вучыла гісторыю Беларусі па-беларуску, а ў старэйшых класах – па-руску. Дык дзеля чаго мы тады здабывалі незалежнасць, за што змагаліся нашы дзяды і прадзеды?

Даведка

Курсы «Мова нанова» ў Баранавічах наведвае ў сярэднім 20—25 чалавек. Увесну прайшло 15 заняткаў па розных тэмах. Першы сезон закончыўся на ўздыме: на фінальныя заняткі, дзе гасцямі былі бард Таццяна Беланогая і паэт Алесь Емяльянаў са сталіцы, прыйшло максімум наведнікаў – 40 чалавек. На лета курсы перапыняліся, і ад 10 верасня пачаўся другі сезон. Заняткі праходзяць штосераду, а 19-й гадзіне, у офісе эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання «Неруш» на вул. Паўлава, 12. Сачыць за навінамі «Мова нанова» ў Баранавічах можна па старонках у Фэйсбуку і Укантакце: www.facebook.com/movananova.baranavichy, www.vk.com/movananova.baranavichy.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?