Рэкляма пра набор у беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках гораду зьявіцца таксама ў мясцовых газэтах і загучыць на гарадзкіх кірмашах.

У гарадзенскіх тралейбусах на дзясятку маршрутаў рэклямуюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі. Гукавы ролік запрашае гарадзенцаў аддаваць сваіх дзетак у садкі зь беларускамоўным выхаваньнем і навучаньнем. У хуткім часе такая ж рэкляма загучыць на гарадзенскіх кірмашах — «Кароне» і Скідзельскім. А ў рэклямных дадатках газэтаў «Гродзенская праўда» і «Из рук в руки» зьявяцца адпаведныя абвесткі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы высілкам Бацькоўскага камітэту ў справе арганізацыі беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Нагадаем, што аддзел адукацыі Гарадзенскага гарвыканкаму разам з раённымі адміністрацыямі пайшоў насустрач бацькам. Гарадзкія ўлады пачалі прапрацоўваць магчымасьць стварэньня рознаўзроставых беларускамоўных групаў. Пакуль што ў дзіцячых садках Горадні няма ніводнай групы з беларускай мовай выхаваньня і навучаньня.

Адзін з арганізатараў Бацькоўскага камітэта Ігар Кузьмініч паведаміў, што група дзетак, якіх бацькі хочуць адвесьці ў беларускамоўны садок, вырасла да 15 чалавек. Таму цяпер паўстала пытаньне пра стварэньне не адной, а дзьвюх групаў — ясельнай і малодшай. «Наша галоўная задача — ня проста выхаваньне дзетак у садках зь беларускай мовай, але і сацыялізацыя нашых дзяцей у будучым» — патлумачыў сп. Кузьмініч. Ён упэўнены, што бацькі здолеюць дамагчыся свайго: «У нас добрая каманда, пэрспэктыўная».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?