Невядомы расійскі афіцэр дапамагаў параненым украінцам выратавацца з «Ілавайскага пекла».

Каля 90 параненых украінскіх байцоў атрымалася вывезці з «Ілавайскага катла» дзякуючы садзейнічанню невядомага расійскага афіцэра. Пра гэта распавёў ваенны доктар Усевалад Сцяблюк ў эфіры праекта «Адважныя сэрцы» на канале 1+1, перадае ТСН.

У Ілавайскім катле Сцяблюк выжыў цудам. Ён ехаў у складзе калоны ўкраінскіх войскаў, калі вораг адкрыў прыцэльны шквальны агонь. Пасля масіраванага абстрэлу сталі раздавацца адзінкавыя стрэлы — гэта дабівалі параненых.

Сцяблюк разам з яшчэ некалькімі ацалелымі пабрацімамі дасталі гранаты, каб падарваць сябе. Але ў нейкі момант заўважылі непадалёк расійскага афіцэра. «Афіцэр аказаўся кадравым вайскоўцам. Дэсантнік, для якога паняцце гонару — не пустыя словы. Таму ў нас была дамова, што я забіраю усіх параненых, якіх змагу знайсці, — распавёў Сцяблюк. — У першую ноч было 17 чалавек сабраных». Усіх параненых расейцы забралі ў сваё размяшчэнне.

На наступны дзень афіцэр дазволіў Сцеблюку паехаць у бліжэйшы населены пункт — там аказаліся яшчэ дзясяткі параненых украінскіх байцоў. Па словах Сцеблюка, яго і тых украінцаў, хто выжыў, першапачаткова планавалі расстраляць. Але дзякуючы асабістаму аўтарытэту гэтага афіцэра іх усё ж такі пакінулі ў жывых.

«Гэты камбат сказаў: «Док, калі ты выжыў у тым, што адбылося, цябе Бог у лоб пацалаваў. Не маё права цябе расстрэльваць», — распавёў Сцяблюк. Гэты ж невядомы афіцэр вёў перамовы з блокпастамі баевікоў, каб усіх параненых можна было эвакуіраваць на ўкраінскі бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0