Еўракамісія гатовая гарантаваць пагашэнне запазычанасці Украіны за расейскі газ у памеры $3,1 млрд.

Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

У прыватнасці, Новак паведаміў, што 26 верасня ў ходзе трохбаковых перамоваў абмеркаваны графік рэструктурызацыі запазычанасці да канца года.

«На сёння Еўракамісія гатовая гарантаваць пагашэнне запазычанасці ў памеры $3,1 млрд, і адпаведны графік мы абмеркавалі», — сказаў ён.

Як паведамлялася, 26 верасня на трохбаковых перамовах у Берліне ў фармаце Украіна-Расія-ЕС абмяркоўваўся кампраміс для вырашэння спрэчных газавых пытанняў паміж Кіевам і Масквой.

Тады Еўракамісія прапанавала Украіне закупіць у расейскага «Газпрома» на ўмовах перадаплаты за 5 млрд кубаметраў прыроднага газу па цане $ 385 за тысячу кубаметраў для праходжання асенне-зімовага перыяду.

Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Гюнтэр Этынгер па выніках трохбаковых перамоў паведаміў, што НАК «Нафтагаз Украіны» і «Газпром» хочуць заключыць часовы газавы кантракт, які будзе дзейнічаць да канца сакавіка 2015 года, пакуль Стакгольмскі арбітраж не прыме рашэнне па газавай спрэчцы.

Акрамя таго, віцэ-прэзідэнт ЕК адзначыў, што была дасягнутая дамоўленасць аб выплаце Украінай газавага доўгу ў памеры $2 млрд да канца кастрычніка 2014 года, а да канца года — яшчэ $1,1 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?