Заяўнікі ўчорашняга мітынгу прадпрымальнікаў правялі прэс‑канфэрэнцыю.

Двое з удзельнікаў сустрэчы з прэсай былі апранутыя ў цёплыя швэдры і курткі. Актывіст руху «За вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Аляксандар Таўстыка, адзін з заяўнікаў акцыі, паведаміў, што ўвесь час чакае затрыманьня, таму і апранаецца па «акрэсьцінску».

Прадпрымальнікі падсумавалі вынікі ўчорашняй акцыі. У цэлым арганізатары засталіся задаволеныя: несанкцыянаваны мітынг сабраў шмат больш удзельнікаў, чым ранейшыя акцыі прадпрымальнікаў, дазволеныя ўладамі.

Сябра рады кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Леў Марголін адзначыў, што на недазволены ўладамі мітынг наведаліся чыноўнікі, адказныя за падтрымку прадпрымальніцтва.

«Прыйшоў начальнік ўпраўленьня прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі, які перад людзьмі на плошчы адкрыта прызнаў — праблема існуе».

Аляксандар Таўстыка казаў пра рэзананс акцыі.

«Сёньня быў сюжэт на расейскай службе Бі‑Бі‑Сі, гэта вельмі важна перад візытам Пуціна ў Беларусь».

Адзін з уладальнікаў рынку прадэманстраваў расейскі пашпарт з маскоўскай прапіскай і заявіў, што яго не хвалююць праблемы беларусаў.

Прадпрымальнікі выказвалі здагадкі, каму усё ж выгадна задушэньне дробнага бізнэсу, прыводзілі прыклады беспадстаўнага закрыцьця гарадзкіх рынкаў. Сп. Таўстыка распавёў пра абставіны ягонага затрыманьня ў «Падземным горадзе». Па яго словах, адзін з уладальнікаў рынку прадэманстраваў яму расейскі пашпарт з маскоўскай прапіскай і заявіў, што яго не хвалююць праблемы беларусаў. Такая ж сытуацыя і на некаторых іншых рынках.

Лідэры прадпрымальнікаў без ілюзіяў ставяцца да перамоваў з уладамі:

«Анатоль Паўловіч прадэманстраваў, як ён трымае слова».

У выпадку, калі хтосьці з затрыманых учора прадпрымальнікаў ня зможа ўдзельнічаць у перамовах, альбо перамовы гэтыя будуць фармальнымі, ці спробай зацягнуць час, зь 1 студзеня прадпрымальнікі пачынаюць бестэрміновы страйк:

«Пойдзем у адпачынак бяз выплаты падаткаў».

Асноўнае патрабаваньне прадпрымальнікаў — распрацоўка грунтоўнага закону аб прадпрымальніцкай дзейнасьці, які б дазволіў ім плянаваць сваю працу ў доўгай пэрспэктыве. У кароткай пэрспэктыве яны патрабуюць неадкладнага вырашэньня праблемы звальненьня наёмных супрацоўнікаў.

«Прадпрымальнікі — гэта рухавік нацыі, і нас нельга разьмеркаваць на працу дворнікамі ці прыбіральшчыкамі, як прапануе Каліноўскі» — зазначылі лідэры прадпрымальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?