За незаконную рыбалку да пазбаўлення волі прыгавораны 27-гадовы жыхар Лунінецкага раёна 

Як паведаміў старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, 28 мая непадалёк ад вёскі Лахва Лунінецкага раёна мужчына ў меліярацыйным канале ў перыяд нерасту з выкарыстаннем брадніка вылавіў 23,44 кг рыбы: 53 гусцяры, 48 шчупакоў, 17 акунёў, 16 чырванапёрак, 19 карасёў, 2 ліна. 

Браканьера затрымалі на месцы злачынства. Нанесены ўрон склаў 46 млн. 350 тыс. рублёў. 

27 жніўня суд Лунінецкага раёна прызнаў яго вінаватым у незаконнай здабычы рыбы ў забаронены час забароненымі прыладай і спосабам, што пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 281 КК), і прыгаварыў да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. 

Пытанне пра спагнанне з яго прычыненай шкоды вырашаецца ў парадку грамадзянскага судаводства. Як адзначыў Буры, мужчына абскардзіў прысуд і прасіў зменшыць яму тэрмін пазбаўлення волі. 

7 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула касацыйную скаргу без задавальнення, прысуд — без змены. Вердыкт раённага суда ўвайшоў у законную сілу. 

Асуджаны працаваў рыбаводам у адным з рыбгасаў рэгіёна, раней быў асуджаны за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?