У Малдове аштрафавалі ўсе тэлевізійныя каналы, якія транслявалі расійскія навіны і «парушылі прынцып плюралізму меркаванняў».
Адпаведнае рашэнне прыняў Каардынацыйны савет тэлерадыёвяшчання Малдовы ў аўторак.
У прыватнасці, пад штрафы патрапілі каналы «Прайм ТБ», які рэтранслюе «Першы канал», ТВ7 — рэтранслюе НТВ, «РТР Малдова» і «Рэн Малдова».
Рада разгледзела інфармацыйныя праграмы «Час», «Сёння», «Весці» і «Навіны 24» паводле «прынцыпаў сацыяльнага і палітычнага балансу, справядлівасці і аб'ектыўнасці».
Эксперты прыйшлі да высновы, што навінавыя блокі расійскіх каналаў «з выкарыстаннем ярлыкоў дыскрэдытуюць, ачарняюць і прадстаўляюць у негатыўным святле адзін з бакоў канфлікту (урад Украіны), большасць гісторый маюць моцную антыўкраінскую афарбоўку і адлюстроўваюць погляды выключна сепаратыстаў».
Расійскія навіны, паводле высноваў малдаўскіх аналітыкаў, «дэзінфармуюць і маніпулююць словамі і выявамі, распавядаючы грамадскасці аб падзеях у паўднёва-ўсходняй Украіне, выкарыстоўваюць мантаж і каментары, карыстаючыся паклёпам і абразамі узброеных сіл Украіны, распаўсюджваючы нянавісць да еўрапейскіх і еўраатлантычных каштоўнасцяў, спрыяюць распаўсюджванню непацверджаных чутак».
Каналы, якія рэтранслявалі расійскія навіны, абавязалі «прыпыніць рэкламу на працягу 72 гадзін».