Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч прыгавораны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне вынес суд Цэнтральнага раёна Мінска 11 снежня, прызнаўшы палітыка вінаватым у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП).

Суд прызнаў В.Івашкевіча вінаватым у тым, што ён «нецэнзурна лаяўся, не рэагаваў на заўвагі прахожых, чым парушаў грамадскі парадак».

В.Івашкевіч быў затрыманы 10 снежня ў 13.15 на вуліцы Чырвоная, калі вяртаўся з мітынгу прадпрымальнікаў.

У інтэрв’ю БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка зазначыў, што «ўлады вярнуліся да практыкі затрымання найбольш актыўных удзельнікаў вулічных мерапрыемстваў». Паводле яго слоў, дзеянні ўладаў падчас Сацыяльнага маршу (4 лістапада), калі ніхто не быў затрыманы, можна назваць выпадковымі.

«Мітынг прадпрымальнікаў паказаў, што ўлады баяцца выступленняў, на якіх гучаць сацыяльна‑эканамічныя патрабаванні. Апрача таго, улады баяцца палітызацыі сацыяльна‑эканамічных працэсаў», — заявіў В.Вячорка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0