Лідар Руху «За Свабоду», адзіны кандыдат на выбарах 2006 г. Аляксандр Мілінкевіч выступіў з прывітальным словам на з’ездзе Партыі БНФ, які адбываецца 11 кастрычніка ў Мінску.

Аляксандр Мілінкевіч закрануў у выступе тэму прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Ён назваў бягучы момант вельмі важным: «З аднаго боку, дэмакратычныя сілы з вядомых прычынаў аслабленыя. З іншага боку, вырашаецца лёс Беларусі».

Мілінкевіч выказаў заклапочанасць, што да сённяшнягя дня не ўдаецца прыняць працэдуру, як абраць адзінага кандыдата: «Так, у кожнай групы ёсць свае інтарэсы, але галоўны інтарэс – краіна». Прычына замаруджвання, на яго думку, такая: «Мы слабейшыя, і думаем не пра вялікае, а пра тое, хто галоўны ў дэмакратычных колах, хто будзе спікерам ад іх».

Разам з тым, «адзіны кандыдат – не панацэя, не вырашэнне праблемаў».

«Для мяне адзіны кандыдат ад апазіцыі, калі ён будзе абраны, - гэта толькі інструмент. Надзвычай важна, каб гэты чалавек адстойваў нацыянальна-дэмакратычныя інтарэсы, каб быў беларусам, праеўрапейцам. І каб гэты чалавек не здрадзіў», - сказаў Мілінкевіч.

Бо важна, па словах старшыні Руху «За Свабоду», што будзе казаць гэты чалавек: «Бо адзіны можа загаварыць, што спачатку трэба інтэгравацца з Расіяй, а потым – з Еўропай, што Расія мае тут інтарэс. І паколькі яна кантралюе нашу эканоміку, то хай прыватызуе яе…»

«Таму на нас з вамі вялікая адказнасць за тое, што будзе казаць і шчыра адстойваць адзіны кандыдат. Ён мусіць перадусім адстойваць незалежнасць. У выбарчай кампаніі-2015 слова «незалежнасць» мусіць быць ключавым». — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?