Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у жніўні ў параўнанні з ліпенем знізіўся амаль на чвэрць, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. За восем месяцаў 2014 года Беларусь экспартавала 9,5 млн. тон нафтапрадуктаў на 7,22 млрд. долараў.

Пры гэтым асобна ў жніўні на знешнія рынкі было пастаўлена 891,5 тыс. тон нафтапрадуктаў, што амаль на чвэрць менш у параўнанні з ліпеньскім аб'ёмам экспарту. 

Трэба адзначыць, што ў папярэднія месяцы гэтага года Беларусь штомесяц экспартавала больш за 1 млн. тон нафтапрадуктаў. Так, у студзені на знешнія рынкі было пастаўлена 1,24 млн. тон нафтапрадуктаў, у лютым — 1,21 млн., у сакавіку — 1,41 млн., у красавіку — 1,19 млн., у маі — 1,24 млн., у чэрвені — 1,16 млн. тон, у ліпені — аналагічны аб'ём. Такім чынам, у жніўні аб'ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў апусціўся да мінімальнага сёлета ўзроўню. 

Трэба адзначыць, што ў жніўні на капітальны рамонт спыніў большасць сваіх магутнасцей наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан», які з'яўляецца адным з вядучых вытворцаў нафтапрадуктаў. 

На фоне скарачэння экспарту беларускіх нафтапрадуктаў аб'ём вывазных пошлін на нафтапрадукты, пералічаных Беларуссю ў расійскі бюджэт, у жніўні істотна знізіўся (на 27,6%) у параўнанні з ліпенем. Як вядома, цяпер Беларусь пералічвае ў расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, якія выраблены з расійскай нафты і экспартуюцца за межы Мытнага саюза. 

Між тым на мінулым тыдні прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі дамовіліся, што ў 2015 годзе ўвесь аб'ём вывазных пошлін на нафтапрадукты будзе залічвацца ў беларускі бюджэт. 

Як патлумачыў на мінулым тыдні прадстаўнік Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас, у выніку гэтага беларускі бюджэт у наступным годзе можа атрымаць 2,5 млрд. долараў. 

«Усе разлікі паказваюць, што Беларусь атрымае ў 2015 годзе акрамя тых 1,5 млрд. долараў, аб якіх была дасягнута дамоўленасць пры падпісанні еўразійскага дагавора ў маі, яшчэ не менш чым 1 млрд. долараў у сувязі са стратамі, якія маглі б узнікнуць з-за «падатковага манеўра» ў нафтавай галіне Расіі», — паведаміў Сяргей Румас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?