Беларуская федэрацыя футбола і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Георгій Кандрацьеў 13 кастрычніка скасавалі кантракт «са згоды бакоў», паведаміла прэс-служба БФФ паводле вынікаў сустрэчы трэнера са старшынёй федэрацыі Сяргеем Румасам. 

Румас «выказаў падзяку Георгію Пятровічу за працу і выказаў шкадаванне аб тым, што не атрымалася дасягнуць пастаўленых мэт». 

Пасля трох матчаў адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2016 беларуская зборная мае адно ачко і займае перадапошняе месца ў сваёй групе (нічыя на выездзе з Люксембургам — 1:1, паражэнні дома ад Украіны — 0:2 і Славакіі — 1:3). 

Кандрацьеў кіраваў нацыянальнай камандай з 8 снежня 2011 года. У адборачным цыкле чэмпіянату свету-2014 зборная заняла апошняе месца ў сваёй групе.

Перад матчамі з Украінай і Славакіяй трэнер заявіў, што пойдзе ў адстаўку, калі паводле іх вынікаў каманда не зможа змагацца за ўваходжанне ў фінальную частку Еўра-2016. 

2 кастрычніка на сустрэчы са старшынёй БФФ Сяргеем Румасам Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў зборную: «Калі гаварыць шчыра, акрамя апошняй гульні БАТЭ (перамога над іспанскім «Атлетыкам» у Лізе чэмпіёнаў), няма на што глядзець і няма чаму радавацца, асабліва зборнай. Трэба сур'ёзную ўвагу звярнуць на нашу нацыянальную зборную, таму што гэта вельмі дрэнны сігнал як для кіраўніка федэрацыі, так і для федэрацыі ў цэлым». 

Хто будзе рыхтаваць каманду да адборачнага матча супраць Іспаніі 15 лістапада, пакуль невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?