Супрацоўнікі рэгіянальнага ўпраўлення Рассельгаснагляду не пусцілі ў Калінінградскую вобласць буйныя партыі цыбулі і бульбы з Беларусі. 

У прыватнасці, як паведамляе прэс-служба тэрытарыяльнага ўпраўлення Рассельгаснагляду, падчас правядзення фітасанітарнага кантролю на пасту «Чарнышэўскае» спецыялісты выявілі парушэнне патрабаванняў пры ўвозе партыі цыбулі рэпчатай у колькасці 20 тон з Беларусі. Устаноўлена, што на частцы ўпакоўкі грузу адсутнічала маркіроўка з інфармацыяй аб найменні прадукцыі, краіне яе паходжання і экспарцёры. 

Таксама выяўлены парушэнні ў афармленні фітасанітарнага сертыфікату пры ўвозе партыі бульбы з Беларусі вагой 20 тон. 

«У сувязі з выяўленнем істотных парушэнняў патрабаванняў заканадаўства ў сферы каранціну раслін упраўленнем Рассельгаснагляду па Калінінградскай вобласці прынята рашэнне аб вяртанні грузаў экспарцёрам», — паведамляе расійскае ведамства. 

Расія з 7 жніўня на год абмежавала імпарт шэрагу тавараў з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі, — ЗША, дзяржаў ЕС, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі. У санкцыйны спіс трапілі ялавічына, свініна, рыба, садавіна, агародніна, птушка, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты. 

Рассельгаснагляд раней заяўляў, што плодаагароднінная прадукцыя з краін ЕС, у дачыненні да якой Расія ўвяла эмбарга, прасочваецца на расійскі рынак праз Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?