Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды лічыць зарплату ў 3000 долараў ЗША дастойнай для беларусаў. Такую думку ён выказаў 16 кастрычніка на сустрэчы са студэнцкім актывам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адказваючы на пытанне дэкана факультэта міжнародных адносін БДУ аб тым, колькі трэба грошай для шчасця і які рацыянальны дастатак для Беларусі, Кірыл Руды зазначыў, што ўзровень зарплаты неабходна параўноўваць з маштабам цэн. 

«Калі мы гаворым аб прадуктах харчавання, спажывецкім кошыку, рэчах, якія мы хочам купіць, то зарплата ў раёне 3000 долараў — дастойная зарплата… зараз скажу каго», — задумаўся Кірыл Руды. Рэагуючы на смех у зале і звяртаючыся да прысутнага на сустрэчы рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, памочнік прэзідэнта дадаў: «Мне здаецца, Сяргею Уладзіміравічу, як рэктару і як акадэміку, гэтага мала». 

Адказваючы на пытанні студэнтаў, Кірыл Руды таксама зазначыў, што пасля пераходу з бізнесу на дзяржслужбу яго заработная плата знізілася ў разы. У сувязі з гэтым ён успомніў эпізод падчас адной з нарад, якая прайшла праз 2-3 месяцы пасля яго прыходу на пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы. 

«Прэзідэнт мяне падняў і сказаў: У нас ёсць малады чалавек, які працаваў у бізнесе, з'ехаў з глузду і прыйшоў да нас. Чаго вы да нас прыйшлі? Я адказаў: Вы ведаеце, цікава. Так, у зарплаце я страціў, груба кажучы, у пяць разоў, але затое мне цікава гэтым займацца», — падкрэсліў Кірыл Руды. 

Кірыл Руды быў прызначаны памочнікам прэзідэнта па эканамічных пытаннях летам 2013 года. Да прызначэння займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара ТАА «Бел Хуавэй Техноладжыс».

У жніўні сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 6,36 млн рублей. Пры гэтым сярэдняя зарплата ў 12.087 арганізацыях складала менш за 5 млн беларускіх рублёў (каля 500 долараў у эквіваленце). У названых арганізацыях працуюць, згодна з афіцыйнымі звесткамі, 1,27 млн чалавек. Спіскавая колькасць работнікаў усіх юрыдычных асоб, якую ўлічвае афіцыйная статыстыка, складала ў жніўні 3,21 млн чалавек. Такім чынам, зарплату меншую за 5 млн беларускіх рублёў у жніўні атрымлівалі амаль 40% работнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?