Парад патрыётаў…

Амаль дваццаць год таму, пасля рэферэндуму 1995 года, праз які Лукашэнка адмяніў нацыянальную мову, сімволіку, гісторыю, я сказаў яму, што тым самым ён адмяніў па-сутнасці беларускую дзяржаўнасць.

Ён ускіпеў: «Нічога я не адмяніў! Дайце час — і ўсё ў вас будзе!..» Ён так і сказаў: «У вас…» Не ў яго, бо яму яно нібыта без патрэбы.

Вось нарэшце, пасля паходу Пуціна на Украіну, якая трымаецца выключна на нацыянальным духу, спатрэбілася. І яму, і ягоным служкам, якія ўслед за ім, спачатку прэм’ер, за прэм’ерам віцэ-прэм’ер - у адзін голас: «Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову!» Аказваецца, не нямыя. І не глухія. Дык чаму не чулі, маўчалі, калі пра гэта казалі, крычалі так, што кроў ішла горлам, найлепшыя сыны нацыі! Быкаў, Караткевіч, Брыль, Барадулін, Бураўкін… Бо там, дзе Быкаў, дух. А там, дзе Лукашэнка, плоць.

Вось пра яе і клопат. Магчыма, не толькі пра яе. Можа быць. Нешта ж павінна цепліцца беларускае і ў тых, хто «белорус на русском языке». Як той жа Лукашэнка, які даводзіў мне, што руская мова — гэта насамрэч мова беларусаў, і ён не збіраецца яе рускім аддаваць. Прынцыпова. Відаць, усё ж надышоў час паступіцца «прынцыпамі». Аддаць рускім належнае. Каб не аддаць сваё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?