Дваіх дзяцей, пакінутых без нагляду, удалося выратаваць на пажары ў адным з шматкватэрных дамоў Бабруйска, паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Беларусі.

У цэнтр аператыўнага ўпраўлення Бабруйскага падраздзялення МНС 18 кастрычніка ў 23.32 паступіла паведамленне, што з кватэры на другім паверсе пяціпавярховага жылога дома на вуліцы Пушкіна ішоў дым. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца надзвычайнага здарэння, выявілі ў ёй дваіх дзяцей (хлопчыкі 2007 і 2009 гадоў нараджэння), пакінутых адных. З палаючага памяшкання дзяцей вынеслі і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. «З атручваннем прадуктамі гарэння сярэдняй цяжкасці дзеці шпіталізаваныя ў бальніцу, - гаворыцца ў паведамленні МНС. - З верхніх паверхаў шматпавярховага дома эвакуіраваныя 11 чалавек».

Кватэра пагарэльцаў належыць 29-гадовай маці дзяцей. Ўстаноўлена, што адны хлопчыкі былі прыкладна з 23.00, а ў момант ўзнікнення пажару гаспадыня дома знаходзілася ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна на злёце байкераў. Папярэдняя прычына пажару — дзіцячае свавольства з агнём.

МНС у чарговы раз заклікае бацькоў ні ў якім разе не пакідаць маленькіх дзяцей без нагляду, а таксама рэкамендуе пагаварыць з дзецьмі аб небяспецы агню.

З пачатку года на пажарах загінулі 12 дзяцей. Некалькі дзён таму ахвярай бестурботнасці дарослых стала двухгадовая дзяўчынка з Рэчыцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру