У эпоху інфармацыйных тэхналёгіяў, калі процьма інфармацыі, думак, меркаваньняў, ацэнак, што прэтэндуюць праўду, укідваецца ў грамадзтва, людзям усё цяжэй і цяжэй разабрацца ў тым, хто маніць, а хто кажа праўду. Калі ў дэмакратычных грамадзтвах яшчэ застаецца шанец дзякуючы палітычнаму і інфармацыйнаму плюралізму наблізіцца да аб’ектыўных ацэнак палітычнай рэчаіснасьці, то ў недэмакратычных грамадзтвах такая магчымасьць мінімізавана да скрайнасьцяў, асабліва што да палітычнай сфэры. Недэмакратычныя лідэры не прымаюць крытыкі, вальнадумства і аўтаномных дзеяньняў, таму робіцца ўсё магчымае, каб падначаліць грамадзтва і асобнага індывіда адзінай мэце – працы на ўладу і падпарадкаваньню ёй. Інфармацыю можна таксама назваць мэханізмам рэпрэсіяў, што разбурае сьвядомасьць чалавека і стварае новае аблічча навакольнай рэчаіснасьці і ўкараняе яго ў грамадзтва. Калі гэта адбываецца штодзённа, калі адсутнічае магчымасьць атрымаць іншую інфармацыю, асоба, не жадаючы таго, паступова «засвойвае» новую рэчаіснасьць.

У Беларусі выбудавалася таталітарная інфармацыйная мадэль, якая падначаліла сабе сродкі масавай інфармацыі. Усё, што не ўбудоўваецца ў афіцыйнае бачаньне падзеяў, выводзіцца па-за межы інфармацыйных плыняў і застаецца невядомым бальшыні грамадзянаў. І калі час ад часу ўрыўкі інфармацыі пра сапраўдны стан рэчаў у краіне даходзяць да асобных людзей, то яны на фоне афіцыйных паведамленьняў здаюцца настолькі ненатуральнымі, што вельмі рэдка ўспрымаюцца як праўда. У беларускім грамадзтве ўжо даўна сьцёрліся межы паміж праўдай і маной, паміж сапраўдным і ўяўным. Разабрацца простаму чалавеку, занятаму працай, сям’ёй, ня проста, і таму ён выбірае не ўдавацца ў падрабязнасьці, а чытаць і слухаць тое, пра што часьцей гавораць. Сёньня інфармацыйная прастора краіны запоўнена вобразамі і прамовамі аднаго чалавека, прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Ягоныя прамовы слухаюць, яму вераць, за ім ідуць. З прычыны традыцыйнасьці нашага грамадзтва яго лічаць неаспрэчным аўтарытэтам, які ня можа памыляцца. Такое аблічча ён стварыў сабе сам, і ў гэтым дапамаглі яму беларускія СМІ. Тым ня менш, прэтэндуючы на ролю правадыра нацыі, ён сам заганяе сябе ў лягічныя казусы, якія гавораць супраць яго. Лукашэнка ня можа доўга падтрымліваць тую сацыяльную і палітычную рэчаіснасьць, якую ён стварыў для сябе. Але разам з тым вакол яго людзі, якія проста не жадаюць заўважаць усіх недагаворак, памылак і супярэчнасьцяў, яны вераць у яго, чым ускосна падтрымліваюць ілюзорнасьць беларускай рэчаіснасьці.

Прэзыдэнцкія выступы падчас выбарчай кампаніі ўяўляюць сабой асаблівую цікавасьць для палітычнага аналізу, бо ў іх раскрываецца сутнасьць той палітычнай сыстэмы, якая сфармавалася ў Беларусі за апошнія 12 гадоў. Аб’ектам аналізу будуць тры маштабныя выступы А. Лукашэнкі: інтэрвію беларускім каналам «Дзяржава для людзей», даклад на трэцім усебеларускім сходзе «Дзяржава для народу» і заключнае слова на гэтым сходзе. Хаця друкаваныя крыніцы ўжо грунтоўна падчышчаныя і адрэдагаваныя, тым ня менш, схаваць агульныя неадпаведнасьці не атрымалася. Напрыклад, у заключным слове да «сходу» прэзыдэнт сказаў: «Более того, если бы это был одушевленный предмет – наше собрание, сказал бы, что я отдаю дань уважения этому форуму и буду его чтить всю жизнь…» Паводле лёгікі, раз «сход» ня быў «одушевленным предметом», то паважаць яго прэзыдэнт не зьбіраецца.

Вылучым для сыстэмнага аналізу некалькі асобных блёкаў: эканоміка, палітычная сытуацыя, месца Беларусі ў геапалітычнай прасторы і вобраз прэзыдэнта. Зыходнай кропкай дасьледаваньня будуць словы прэзыдэнта «я никогда не говорю неправду». Празь іх прызму будуць разглядацца вышэйпамянёныя блёкі.

Эканоміка. Эканамічнаму становішчу ў краіне А. Р. Лукашэнка надаў вялікую ўвагу, бо лічыць яго рухавіком усяго грамадзтва, было сказана шмат словаў, якія падкрэсьліваюць яго эфэктыўнасьць. Тым ня менш, тая сытуацыя, якая склалася на сёньня ў краіне, не зусім добрая. «Я не хочу сказать, что у нас хуже, чем у кого-то. У нас лучше, чем у кого-то, но и у нас еще очень плохо». (Ня будзем высьвятляць, хто ж гэты «кого-то», мо гэта азіяцкая краіна, цяпер гэта неістотна.) Асноўная праблема ў тым, што беларуская эканоміка існуе коштам некалькіх прадпрыемстваў: «Львиную долю в валовой внутренний продукт внесло сравнительно небольшое число наших ведущих предприятий… Производственные фонды в топливно-энергетическом комплексе изношены более чем на 60 %. Для их модернизации требуется выделить миллиарды долларов. Самым важным вопросом остается вопрос заработной платы, средний размер которой составляет 250 долларов». Прэзыдэнт прызнаў, што хтосьці мае 100, 150, 50 даляраў. «У нас осталось совсем немного людей, я считаю их просто бездельниками, которые не могут заработать заработную плату хотя бы в 70–100 долларов». Нягледзячы на такі паказьнік сярэдняга заробку, узровень жыцьця ў краіне застаецца невысокі, асноўнай прычынай гэтага зьяўляецца нерэнтабэльная эканоміка і рост цэнаў. «У нас еще очень затратная экономика. Очень. У нас затраты на производство товара на 30, а в отдельных случаях на 50 %, а то и в два раза выше, чем на Западе». Напэўна, таму асноўнымі гандлёвымі партнэрамі, дзе збываецца беларуская прадукцыя, зьяўляюцца краіны Лацінскай Амэрыкі, Азіі, Бліжняга Ўсходу і Афрыкі. Як вынік – рост цэнаў, у якім, як высьвятляецца, вінен ня ўрад, а асобныя працоўныя калектывы. Аналізуючы цэнавую палітыку, Лукашэнка выпрацоўвае новую эканамічную тэорыю:

Выше цена – больше доходов. А кто повышает цены? Трудовые коллективы. Если тракторный завод повышает цену на трактор, так что дорожает? Дорожает хлеб и молоко, дорожает мясо. Потому что потребитель вынужден выкладывать большую сумму на приобретение трактора и закладывать эти расходы в цену готовой продукции. Тогда чего же обижаться работникам того или иного коллектива на то, что в магазинах растут цены на продукты питания? Вы же сами стимулируете рост этих цен.

У гэтай сытуацыі ўзьнікае пытаньне, а на каго крыўдаваць настаўнікам, лекарам ды інш. Ня склаліся спрыяльныя ўмовы і ў прадпрымальнікаў: «Надо прямо признать, что заниматься предпринимательством у нас пока не так просто. Главное, на что жалуются предприниматели, – это отсутствие постоянных правил игры». Як адзначыў прэзыдэнт, асноўнымі формамі неэканамічнага ціску на прадпрымальнікаў ёсьць: штомесячныя праверкі з боку кантралюючых органаў, санстанцыяў і пажарных. Лукашэнка пацьвердзіў, што і сытуацыя ў вёсцы пакідае жадаць лепшага: «На селе только за последние пять лет численность работников уменьшилась более чем на четверть». Акрамя таго, узмоцненая барацьба з карупцыяй, як выявілася, не прывяла да доўгачаканых вынікаў. Кажучы пра сфэру будаўніцтва, Лукашэнка адзначыў:«И, как я чувствую, она коррумпирована». Ня дзіва, што пры такіх тэндэнцыях у эканоміцы пачаліся перамовы з расейскімі алігархамі Вагітам Алякперавым і Міхаілам Гуцарыевым, якія прапануюць: «Мы дадим вам 25 процентов собственности, только вы возьмите это, мы вам инвестируем туда, мы построим вам это. А я говорю Правительству: «Посчитайте, выгодно ли нам это или нет» (вылучана аўт.). Вельмі цяжка ўявіць, што менавіта жадаюць пабудаваць і прадаць расейскія алігархі. Панятак «это» вельмі шырокі, але ў той жа час вельмі зразумелы вуху простага савецкага абываталя, які быў заўсёды гатовы памерці ў «барацьбе за «это». Ужо даўно прыкмечана, што прамовы Лукашэнкі гучаць у стылі старога савецкага рэалізму, шмат лічбаў, фактаў, мэтаў і задачаў і расплывістых выразаў накшталт «это». Асабліва часта такія фразы гучаць, калі гутарка ідзе аб палітыцы.

У недэмакратычных сыстэмах палітыка і ўлада становяцца самакаштоўнасьцю, ядром якой зьяўляецца фігура кіраўніка. Як правіла, уся сыстэма базуецца і падначалена волі і жаданьню аднаго чалавека. І чым мацнейшы ўплыў сыстэмы і кіраўніка, тым больш узрастае неабходнасьць мабілізацыі грамадзтва вакол кіраўніка. Як толькі страчваецца вера ў правадыра, руйнуецца ўся сыстэма. Таму ўлада імкнецца пераканаць грамадзтва, што ў іншых умовах яно ня выжыве, чым выракае яго на самазьнішчэньне.

Палітычны дыскурс усіх выступаў Лукашэнкі выбудаваны такім чынам, што пасьля яскравай карціны, якая паказвае вялікія дасягненьні ўлады, нікчэмнасьць і прадажнасьць яе апанэнтаў, чытач устае перад адзіным і неаспрэчным фактам, які агучыў сам А. Л.: «…продемонстрировать в эту предвыборную кампанию людям, что нормальный у них президент. Не нужен им другой президент». У сьвядомасьці большасьці беларусаў слова прэзыдэнт асацыюецца толькі і выключна з Лукашэнкам. Падобна, што гэта слова стала ўжо ў нашым грамадзтве імем уласным і ўбудоўваецца ў наступную формулу: Лукашэнка – прэзыдэнт, прэзыдэнт – Лукашэнка. У гэтым сьвятле вывешаныя ў гарадох плякаты пра выбары выразна ўпісваюцца ў гэтую формулу «Выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», падтэкст «перавыбары Аляксандра Лукашэнкі».

«Паміж прэзыдэнтам і мэсіем». Аўтарытарныя рэжымы базуюць працэсы, зьвязаныя з кіраваньнем грамадзтвам, на іррацыянальных кампанэнтах: веры, боязі, любові, нянавісьці. У сваіх палітычных закліках аўтарытарныя правадыры зьвяртаюцца да эмоцыяў, а не да розуму, умела прапагандуючы неабходнае бачаньне сьвету. Важна адзначыць, што грамадзкая легітымізацыя, то бок падтрымка грамадзкай думкі ў такіх умовах ужо ня мае значэньня, бо правіцель становіцца памазаньнікам божым і выразьнікам волі самога Бога, а не народу. Сама ж грамадзкая думка служыць фармальнай абалонкай, яна павінна пераканаць само грамадзтва ў тым, што яно падтрымлівае кіраўніка краіны. Асноўны націск робіцца на ролю і значэньне лідэра ў гістарычным і палітычным разьвіцьці грамадзтва, што ёсьць базісам для ўсталяваньня культу асобы ў дзяржаве. Варта адзначыць, што акрамя СМІ і ідэалягічнай дзяржаўнай машыны сам Лукашэнка, сьвядома ці несьвядома, падкрэсьлівае сваю значнасьць для беларускага народу, а таксама сваю богаабранасьць. Жаданьне наблізіцца да боства сьвядома ці не, але існуе ў ягоных выказваньнях. «Но нас Господь, наверное, уполномочил сделать это большое дело» альбо «Вот говорят, Лукашенко диктатор. Это от чего? Потому что Лукашенко часто «загружает» на себя те проблемы, которыми должны заниматься другие люди». У іншым месцы: «Он (прэзыдэнт. – П. В.) борется с теми невзгодами, несчастьями, которые так или иначе объективно могут обрушиться на нашу страну. Вот, пожалуйста, стихия… Я борюсь против этих стихий, чтобы сохранить наших людей». Зь лёгікі гэтых выказваньняў можна зрабіць выснову, што грамадзтва нашае бездапаможнае і кволае, і загіне яно, калі ў яго ня будзе абаронцы.

Ён жа, Лукашэнка, асудзіў сябе на мукі дзеля свайго народу, бо яму апроч Беларусі нічога ня трэба. Асабістае жыцьцё, сям’я, простыя чалавечыя слабасьці – гэта не для яго. Ён мэсія і правадыр. І дарма што ён спрабуе адмежавацца ад велічных званьняў, кожны раз Лукашэнка падкрэсьлівае ўласную ахвяру, якая была прынесена на алтар сваёй краіны і народу. «Бедная была бы та женщина, пусть даже супермодель в мире, которая бы жила с Президентом Беларуси. Потому что у меня кроме страны и этой изнурительной, дикой работы, практически ничего не было. Никакой я не семьянин, потому что положил свою жизнь на это». Бацька свайго народу. Вось галоўны вобраз, які маляваўся ўсе гэтыя гады для насельніцтва краіны. Хто адкідае гэты вобраз – залічваецца ў шэрагі ерэтыкаў. Вобраз «бацькі» стаў рэлігійна-сьвятарным і перайшоў з плашчыні палітычнай у плашчыню духоўную. Абываталі Беларусі, пазбаўленыя за гады савецкай улады духоўнага вобразу, апроч вобразу правадыра, у асобе Лукашэнкі вярнулі сабе аб’ект для пакланеньня. Для іх ягоныя словы абсалютныя і стаяць па-за любой крытыкай. Самыя грунтоўныя довады супраць успрымаюцца з агрэсіяй і разглядаюцца як хлусьня. Розум заснуў – прывітаньне невуцтву! СМІ сыстэматычна падтрымліваюць гэты культ. Як адзначыў адзін з афіцыйных жрацоў культу асобы У. Вялічка: «Президент не ленится появляться на телеэкране, регулярно подзаряжая доверившийся ему электорат. Моя мама, например, не может успокоиться и заснуть, пока не увидит Лукашенко. Так что в наше время президент – это еще и психотерапевт»

Павал Усаў

Цалкам артыкул чытайце ў часопісе «ARCHE» №4

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0