Сваякі і сябры не змаглі сустрэць актывіста маладзёжнага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава, які сёння раніцай павінен быў вызваліцца з мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) пасля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту.

Вінаградава павінны былі адпусціць каля 10.00, аднак да асоб, якія прыйшлі сустракаць Вінаградава, выйшаў начальнік ЦІП Ігар Сакалоўскі і сказаў, што актывіста вывезлі з цэнтра ў 8 гадзін раніцы, куды менавіта — не паведаміў. Пазней высветлілася, што Вінаградава адвезлі ў Маскоўскае РУУС. Цяпер праваабаронцы і родныя спрабуюць высветліць акалічнасці. 

9 кастрычніка Павел Вінаградаў быў прыгавораны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту і аштрафаваны на 1 млн. 200 тыс. рублёў па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. У гэты ж дзень суд прыняў рашэнне прадоўжыць на год прэвентыўны нагляд, які заканчваўся 25 кастрычніка. 

Беларускія апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі, а таксама міжнародныя праваабаронцы выступілі з патрабаваннямі спыніць пераслед грамадскага актывіста. 

***

26-гадовы Вінаградаў быў адным з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, яго асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і вызвалілі на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні, хоць з прашэннем аб памілаванні актывіст не звяртаўся. Вінаградаў выйшаў на волю ў верасні 2011 года. З таго часу праваабаронцы зафіксавалі 16 выпадкаў яго затрымання, 15 з якіх завяршыліся адміністрацыйнымі арыштамі на тэрмін ад 5 да 25 сутак, што сумарна складае 165 сутак — фактычна пяць з паловай месяцаў. У 2014 годзе Вінаградаў адседзеў 65 сутак зняволення, уключаючы цяперашні арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?