Галоўны вынік двухдзённага візыту Пуціна: Расея дае Беларусі гіганцкі крэдыт у аб’ёме 1,5 млрд даляраў з адтэрміноўкай выплаты на пяць гадоў. Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка не дэманстравалі натхненьня і далі абцякальныя тлумачэньні зьместу двухдзённых перамоваў. Пуцін: Цэны на газ для Беларусі «ў межах, вызначаных ранейшым кантрактам». З свайго боку, Лукашэнка асьцярожна: Беларусь «гатовая згуляць сваю ролю ў пытаньні меркаванага разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў сыстемы проціракетнай абароны ЗША».

«Дзеля забесьпячэньня плаўнага пераходу двухбаковага супрацоўніцтва на ўнівэрсальныя рыначныя прынцыпы з улікам абавязковага для абодвух бакоў выкананьня падпісаных раней пагадненьняў і кантрактаў, Расея прыняла рашэньне аб прадастаўленьні Беларусі дзяржкрэдыту ў памеры 1,5 млрд даляраў», — заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пасьля паседжаньня дзяржаўнай рады г.зв. саюзнай дзяржавы.

Як перадае агенцтва РІА «Новості», ён таксама падкрэсьліў, што Расея будзе выконваць ранейшыя кантракты, заключаныя з Беларусьсю ў газавай сфэры.

«Нягледзячы на тое, што сама Расея будзе плаціць за газ падвышаныя цэны, мы для Беларусі будзем выконваць ранейшыя кантракты», – заявіў У. Пуцін на прэс-канфэрэнцыі па выніках візыту.

«Падвышэньне цэнаў на газ будзе, але так, як прадугледжана ранейшымі кантрактамі», – падкрэсьліў Пуцін. Ён прызнаў, што Расея разумее цяжкасьці, якія выяўляюцца ў беларускай эканоміцы ў выніку росту цэнаў, «і будзе рабіць усё для мінімізацыі гэтых наступстваў».

А. Лукашэнка ў сваю чаргу абяцаў, што Беларусь забясьпечыць стабільны транзыт вуглевадародаў з Расіі ў Эўропу. За гэта ён чакае ад «багатай Эўропы» ўдзячнасьці: «Беларусь і Расея робяць вялізны ўнёсак у эканамічную і сацыяльна-палітычную стабільнасьць эўрапейскага кантынэнту. Мы чакаем у сувязі з гэтым адэкватных крокаў ад Эўропы».

«Эўрапейскі саюз, багатая Эўропа будзе пачувацца спакойна», – ва ўласьцівай яму манеры адзначыў А.Лукашэнка.

Маскве ж А. Лукашэнка публічна, але вельмі абцякальна паабяцаў, што Беларусь «гатовая згуляць сваю ролю ў пытаньні меркаванага разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў сыстемы проціракетнай абароны ЗША». Беларусь таксама «гатовая цесна каардынаваць свае дзеяньні з расейскім бокам па адаптацыі Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Эўропе (ДЗУСЭ)». Гэта не перашкодзіла набліжанаму да А. Лукашэнкі Мікалаю Чаргінцу сёньня ж задэкляраваць, што не ў інтарэсах Беларусі далучацца да расейскага мараторыю па ДЗУСЭ, уведзенага за дзень да прылёту Пуціна ў Менск.

Ці то лідэры дзяржаваў старанна маскіравалі рэальны зьмест перамоваў, ці то сапраўды гэта была руцінная сустрэча сюзэрэна з васалам.

У. Пуцін так і сказаў: «Аб’ём узаемных адносінаў адпраўляе на другі плян усялякі афіцыёз, але калісьці трэба заняцца і абмеркаваньнем афіцыйных пытаньняў».

Беларускія СМІ смакавалі той факт, што гэты візыт Пуціна – першы афіцыйны за 8 гадоў. Гэтым разам расейская дэлегацыя была больш чым саліднаю: прэм’ер-міністар Віктар Зубкоў, старшыня Рады фэдэрацыі Сяргей Міронаў, сьпікер Думы Барыс Грызлоў, віцэ-прэм'ер і міністар фінансаў Аляксей Кудрын і міністар эканамічнага разьвіцьця Эльвіра Набіуліна.

А. Лукашэнка імкнуўся паказаць афіцыйны характар сустрэчы: «Нічога надзвычайнага ў візыце расейскага прэзыдэнта ў Менск няма, — сказаў ён. — Той ажыятаж, які выклікаў візыт на Захадзе — дзіўны. (...) Няма ніякае падаплёкі ў гэтым візыце. (...) Для мяне вельмі дзіўна, што і ў Расеі, і ў Беларусі выказваліся вялікія прагнозы з нагоды афіцыйнага вашага візыту ў Беларусь», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, зьвяртаючыся да У. Пуціна.

«Мы, сапраўды, як сяброўскія саюзныя дзяржавы сустракаемся ў Менску, і было б дзіўна, што вы ў якасьці прэзыдэнта Расеі не пабывалі ў Менску з афіцыйным візытам. Мы з вамі выявілі ў Душанбэ, што мы ўвесь час сустракаліся ў працоўным фармаце і ніколі не было вашага афіцыйнага візыту ў сталіцу Беларусі».

Самалёт прэзыдэнта Расеі мусіў прызямліцца ў чацьвер у менскім аэрапорце а 18.00, але затрымаўся на гадзіну з гакам. Перамовы распачаліся з сустрэчы двух прэзыдэнтаў у Сілічах — збудаваным А. Лукашэнкам комплексе, што ў Лагойскім раёне.

У пятніцу перамовы прадоўжыліся паседжаньнем дзяржаўнай рады саюзу Беларусі і Расеі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

У сувязі зь візытам Пуціна ў Менску й Берасьці адбыліся акцыі пратэсту, якія жорстка разганяла міліцыя. Затрыманыя 17 чалавек. Быў моцна зьбіты адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Зьміцер Хведарук. У непрытомным стане ён трапіў у 9-ы клінічны шпіталь.

Ніякіх прарыўных палітычных дамоўленасьцяў не дасягнута. Затое па выніках візыту замежная запазычанасьць Беларусі вырасьце да 12 мільярдаў даляраў, або ўдвая проці стану на пачатак 2006 году. У гісторыі ўжо быў адзін кіраўнік, які хацеў пабудаваць сацыялізм за кошт капіталістаў. Гэта быў лідэр сацыялістычнай Польшчы Герак у 70-я гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?