Нагадаем, сёння супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці правялі вобыск у гомельскім офісе АГП, падчас якога былі канфіскаваны інфармацыйныя матэрыялы, у прыватнасці бюлетэні «Свобода» і кампакт‑дыскі.
Як паведаміў БелаПАН рэгіянальны каардынатар руху «За Свабоду», намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Кацора, супрацоўнікі спецслужб праводзяць вобыскі ў кватэрах сваякоў членаў АГП Зінаіды Шумілінай і Леаніда Судаленкі.
Сам У.Кацора знаходзіцца сёння ў Мінску. Ён паведаміў, што супрацоўнікі КДБ таксама прад’явілі яго жонцы ордэр на вобыск прыватнага дома ў вёсцы Шарпілаўка, у якім жыве цешча партыйнага лідэра.
«Хутчэй за ўсё, цяпер у доме маёй сваячкі праходзіць вобыск, хаця сама яна знаходзіцца ў Гомелі. Таксама супрацоўнікі спецслужб прад’явілі ордэр на вобыск Зінаідзе Шумілінай, прычым абшукаць яны вырашылі яе дачу ў вёсцы Чкалава. Таксама вобыск праходзіць у доме цешчы Леаніда Судаленкі, якая жыве ў вёсцы Бабовічы», — расказаў У.Кацора.
Палітык выказаў неўразуменне ў сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў спецслужб: «Што можна шукаць на дачах і ў жылых дамах нашых сваякоў — я не разумею. Гэта вышэй за логіку і чалавечы розум», — сказаў У.Кацора.