Белтэлерадыёкампанія аб'явіла пра пачатак прыёму заявак на ўдзел у нацыянальным адборачным туры міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні «Еўрабачанне-2015».

Як паведамляе прэс-служба БТРК, да ўдзелу ў адборы ў якасці выканаўцы песні дапускаюцца грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі РБ і на момант падачы заяўкі дасягнулі 16 гадоў.

У праекце можа браць удзел песня (музыка і/або тэкст), якая раней не была камерцыйна рэалізаваная: распаўсюджана праз інтэрнэт ці на нейкіх носьбітах (аўдыёкасеты, кампакт-дыскі, міні-дыскі і іншае) шляхам продажу ці іншым спосабам, перададзена ў радыё- ці тэлевізійны эфір, а таксама выканана публічна да 1 верасня 2014 года. Максімальная працягласць песні — тры хвіліны. 

Заяўку неабходна адправіць да 21 лістапада каштоўнай бандэроллю на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, Белтэлерадыёкампанія, з паметкай «Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні «Еўрабачанне-2015». 

Праект праводзіцца ў два этапы: праслухоўванне ўдзельнікаў і фінал. Праслухоўванне, па выніках якога будуць вызначаныя фіналісты, адбудзецца да 5 снежня. Фінал праекта пройдзе не пазней за 23 студзеня 2015 года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта ў прамым эфіры. 

Пераможца адборачнага тура будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2015» у Вене (Аўстрыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?