Канцэпцыя новай нацыянальнай касмічнай праграмы Беларусі перададзена на ўзгадненне ў Савет міністраў, паведаміў дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Тузікаў. 

«Канцэпцыя новай нацыянальнай касмічнай праграмы ўжо падрыхтаваная, яна ўзгоднена з рознымі арганізацыямі і ведамствамі рэспублікі і перададзена ў Савет міністраў, — расказаў вучоны. — Далей урад павінен вырашыць, ці прыняць канцэпцыю і ў якім выглядзе». Тузікаў растлумачыў, што шэраг пытанняў «патрабуе разгляду на самым высокім узроўні», у прыватнасці тое, якой будзе спадарожнікавая сістэма ў Беларусі ў цэлым. 

Новая касмічная праграма вызначыць «далейшае развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі», у тым плане, як «зрабіць гэту сістэму шматузроўневай, якая ўключае касмічны, калязямны і наземны сегменты», сказаў спецыяліст. Акрамя таго, касмічная праграма закране развіццё сістэмы касмічнай сувязі. 

«Вельмі важны момант звязаны з сістэмай навігацыйна-часавага забеспячэння, якое прадугледжвае развіццё касмічнай і наземнай часткі навігацыйнага забеспячэння, дакладнага пазіцыянавання, выкарыстання даных навігацыйных сістэм у больш удакладненым рэжыме», — сказаў Тузікаў, дадаўшы, што ў новай праграме таксама ўтрымліваюцца пытанні адукацыі і прававыя аспекты касмічнай дзейнасці. 

Вучоныя, паводле слоў Тузікава, спадзяюцца на тое, што канцэпцыя праграмы будзе прынятая сёлета: «Навука адпрацавала сваю частку, падрыхтавала прапановы і ўзгадніла іх, зараз дзяржава павінна вызначыцца з фінансаваннем». 

Нагадаем, 28—30 кастрычніка ў Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАНБ праходзіць VI Беларускі касмічны кангрэс. У яго працы ўдзельнічае больш за сотню вядучых спецыялістаў касмічнай галіны з Беларусі, Расіі, Украіны і шэрагу іншых краін. Пытанні, што абмяркоўваюцца на навуковым форуме, датычацца перспектыўных матэрыялаў і элементнай базы для касмічнай тэхнікі; касмічных праектаў і праграм; спадарожнікаў, мэтавай і навуковай апаратуры; сродкаў і метадаў апрацоўкі і паказу даных дыстанцыйнага зандавання Зямлі; навучання і падрыхтоўкі кадраў для касмічнай галіны; забеспячэння надзейнасці і працаздольнасці касмічных сістэм і апаратаў; выкарыстання вынікаў касмічнай дзейнасці ў інтарэсах розных галін эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?