Міжнародны валютны фонд гатовы абмяркоўваць з Беларуссю новую крэдытную праграму ў выпадку гатоўнасці ўрада на рашучыя захады па рэфармаванні эканомікі.

Такую заяву зрабіў сёння падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман.Місія МВФ працавала ў Мінску з 22 па 28 кастрычніка. Як адзначыў Хофман, мэтай візіту было абмеркаванне з беларускім бокам эканамічнай палітыкі, што праводзіцца ў краіне, і планаў на будучыню. 

Да гэтага часу, канстатаваў Хофман, урад ухваліў план сістэмных мер па збалансаваным развіцці эканомікі. Паводле яго слоў, МВФ вітае эканамічныя планы ўрада. «Але неабходна прапанаваць дадатковыя меры, каб выпрацаваць комплексны дакумент, які б быў падтрыманы фондам», — сказаў кіраўнік місіі. 

Ён удакладніў, што МВФ чакае ад Мінска рашучых захадаў па рэфармаванні эканомікі: «Калі ўлады гатовыя прапанаваць рашучыя меры ў галіне эканамічнай палітыкі, то фонд гатовы абмяркоўваць новую праграму з Беларуссю». 

На пытанне аб канкрэтных прапановах фонду Хофман адказаў, што «канкрэтныя пункты не будзе карысным цяпер абмяркоўваць публічна». Пры гэтым ён даў зразумець, у якіх сферах МВФ чакае змяненняў. «Канкрэтныя захады мы хацелі б бачыць у сферы грашова-крэдытнай палітыкі, курсаўтварэнні, палітыцы зарплат, дырэктыўным крэдытаванні эканомікі», — сказаў кіраўнік місіі. 

Ён таксама ўдакладніў, што фонд выступае за скарачэнне аб'ёму фінансавання дзяржпраграм. Паводле меркавання МВФ, дадаў Хофман, падрыхтаваны ўрадам Беларусі план утрымлівае пэўныя неабходныя мерапрыемствы. «У прыватнасці, місія рашуча падтрымлівае намеры ўлад ліквідаваць перакрыжаванае субсідаванне і павялічыць асобныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і транспарт да ўзроўню пакрыцця затрат да 2017 года. Хоць такія захады павінны насіць комплексны характар, прычым асноўныя намаганні варта засяродзіць на пачатковым этапе», — падкрэсліў Хофман. 

Аднак, дадаў ён, без уключэння ва ўрадавы план іншых мер дакумент не зможа значна паўплываць на стан беларускай эканомікі. «Улічваючы ўсё вышэйсказанае, без уключэння ў план больш шырокага спектра структурных рэформ і рашучых мер у частцы макраэканамічнай палітыкі малаверагодна, што ён будзе спрыяць значнаму скарачэнню дысбалансаў і ўмацаванню перспектыў росту», — сказаў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?