— Навошта табе столькі ключоў? — спытала мяне жонка, дастаючы амаль новыя джынсы з пральнай машынкі.

— Колькі — столькі?

— Столькі, што ў цябе ўвесь час праціраецца кішэня. Ва ўсіх джынсах у адным і тым жа месцы.

Сапраўды. Якія ні вазьмі — насупраць правай кішэні белая пляма.

Скажам шчыра, вялікая звязка ключоў — гэта зручна. Ты заўжды не толькі адчуваеш, што яны на месцы, але і нават чуеш іх прысутнасць падчас хады. Вось яны — ад усіх дзвярэй. Маленькія, вялікія, электронныя, механічныя, круглыя, жоўтыя, шэрыя. Розныя. З іншага боку, кожны акт адмыкання дзвярэй ператвараецца ў пакутлівую латарэю.

Вось гэты — ад уваходных дзвярэй у хату. Гэты — ад вёскі. Гэты ад кватэры бацькоў. А вось…

Ад першага ў жыцці офіса. Я ўжо і адрас не назаву. Ад другога офіса. Ад трэцяга. Ад месцаў, дзе я больш ніколі не апынуся. Ад кватэры бабулі. Яе ўжо няма, цяпер там жыве стрыечная сястра. Я яе бачу раз на пару гадоў. Дый замок там, я чуў, памянялі. Ключ ад дамафона ў бацькоў, які больш не дзейнічае ў іх пад’ездзе, але дзіўным чынам адмыкае пад’езд сябра. Зручна, але мы ўжо год як страцілі жаданне бачыць адно аднаго. Пара ключоў, прызначэнне якіх я не ведаю. Яны заўсёды блытаюцца з ключом ад ніжняга замка. Шмат ключоў. Грамаў 400 жывой вагі. Навошта мне яны патрэбны?

Першы раз у жыцці я сядзеў і выкладаў іх на стол: непатрэбныя і невядомыя, пазбаўленыя сэнсу, пазбаўленыя дзвярэй і адрасоў. Нарэшце звязка істотна схуднела. Настолькі, што я, выходзячы з кватэры, адчуваў дыскамфорт. Ці не забыў я ключы дома? Ці не згубіў па дарозе?

І вось адна выпадковая сустрэча шмат што растлумачыла мне і ўдыхнула іншы сэнс у маю маленькую замочна­-дзвярную трагедыю. Мы гаварылі з адным чалавекам на тэму кніг, якія нешта мяняюць у цябе ўнутры і там застаюцца.

— Маленькі Прынц, — сказаў я. Экзюперы.

— Пушкін, Талстой, Дастаеўскі — геніі. Спрачацца з гэтым можа толькі ідыёт.

— Гэта не важна, — сказаў я, — ці геніі яны. Гэта прадмет іншай размовы. Але як Пушкін можа памяняць твой унутраны свет? Персанальна твой. Як? З якога свету і на які? Што канкрэтна мяняе Талстой ці Дастаеўскі?

Чалавек вельмі нерваваўся. Жэстыкуляваў і выкрыкваў лозунгі пра геніяў, але па тэме так нічога і не сказаў: ён працаваў выкладчыкам і верыў у тое, што ягонае слова — нейкае асаблівае і не патрабуе аргумента, бо гэты чалавек і сам асаблівы, і сам па сабе аргумент.

І вось, здаецца, тады я зразумеў усё пра свае ключы, і пра сябе, і пра чалавека­-выкладчыка, і пра шмат каго яшчэ. Ключы — гэта проста метафара.

Гэта нашы адказы і ідэі, якія мы пачынаем назапашваць з таго моманту, калі першы раз успрымаем нейкую «праўду». Мы іх носім з сабой, і, нават калі мы імі ніколі не карыстаемся, нам спакойна ад таго, што іх у нас шмат. На любы выпадак.

У школе нам казалі, што лічбаў ніжэй за нуль не бывае. Гэта было страшна зручным веданнем. І вельмі нязручным стала адкрыццё, што такія лічбы бываюць і іх роўна столькі ж, колькі па адваротны бок ад нуля. Тым не меней, ніхто з нас не чапляўся за тэзісы малодшай школы. Мы стойка прынялі матэматыку новага ўзору і гэты «нулявы» маленечкі ключык, стаў бадай адзіным, пакінутым у мінулым. Далей справы пайшлі не так паспяхова: на ўроках гісторыі мы перажывалі разам з камунарамі ўвесь цяжар барацьбы за Libertе, Еgalitе, Fraternitе і нават самыя разумныя з нас не верылі, што наогул няроўнасць паміж людзьмі — рэч заканамерная, а не выключная. Бо ўсё, што мы засвоілі, крычала дурным голасам: «Дабро — гэта абсалют». Не верылі, бо не думалі.

Людзі наогул імкнуцца шмат у чым падпарадкоўваць сваю дзейнасць не высновам, якія падказвае ім рацыя і практычны досвед, а веры ў слушнасць ідэі. Скажам, людзі лічаць, што трэба дапамагаць бедным і што гэта дабрадзейнасць. Вось, адпаведна, Афрыка і атрымлівае гуманітарную дапамогу ў нейкіх касмічных маштабах, пры гэтым той факт, што вынікам дапамогі становіцца нежаданне мясцовага насельніцтва працаваць, карупцыя і рэкет — «руку таго, хто дае», мала цікавіць.

Вось ключ: «Калі хочаш быць дасканалым — ідзі і прадай сваю маёмасць і раздай грошы бедным». Так казаў Хрыстос. Гэты ключ, безумоўна, адчыніць дзверы ў свет, дзе няма бедных, а ёсць дасканалыя. Праўда, ключ з’яўляецца каштоўнасцю толькі да таго моманту, пакуль чалавек не выкладвае яго на стол і не бачыць, што ён такі бліскучы і прыгожы толькі таму, што ні разу ніводных дзвярэй не адамкнуў. Але не выкладае.

Няхай вызваленыя рабы самі імкнуліся стаць рабаўладальнікамі, і няхай дэмакратыя прыводзіла, як і казаў Арыстоцель, да ахлакратыі. І няхай дапамога слабому, як і падазраваў Ніцшэ, прыводзіла да аслаблення слабога — гэта ўсё адбывалася там, па той бок дзвярэй, да якіх мы ні разу нават не падыходзілі. Мы былі заняты бясконцым збіраннем ключоў, якія мусілі б іх адмыкаць.

Ці вось яшчэ. Усе мы ведаем, што асноўнай праблемай Беларусі з’яўляецца, канечне ж, дыктатура.

І супрацьстаіць ёй адно — ідэя дэмакратыі, якая жыве ў сэрцы кожнага дэміурга ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Супрацьстаіць дыктатуры ідэя Улады Народа, а дакладней, улады кожнага самага мізэрнага арганізма ўнутры гэтага народа. Мы, падобна, так і сапраўды думаем, і не выключана, што менавіта таму наша апазіцыя слова ў слова паўтарае гэтую мантру, адліваючы для нас па нашай форме залаты ключ. Але, ведаеце, тут такая штука. Я люблю задаваць людзям адно і тое ж пытанне. Умовы. Вы — прэзідэнт. Пад вокнамі вашай рэзідэнцыі мітынгуюць прыхільнікі «азіяінтэграцыі». Мітынгі праходзіць пад лозунгамі: «Беларусь — гэта Расія», «Белыя русы — сіла» і г.д. Дык вось пытанне: ці не загадвалі б вы падшэфнаму АМАПу біць гэтых умоўнанаяўных людцоў смяротным боем?

Звычайна адказы я чую два. Першы — упэўненае «загадваў бы». Другое — няўпэўненае «не загадваў бы» з яўнымі прыкметамі крывадушнасці.

Значыць, дэмакратыі нам не надта і хочацца. А хочацца проста дыктатуры, з якой ты згодны. Бо дыктатар ніколі не адбірае правоў ва ўсіх. Ен адбірае правы ў тых, хто не хоча ягонай персанальнай дыктатуры. Мне не перашкаджаў бы дыктатар, які б разганяў мітынгі РНЕ і заахвочваў канцэрты «Новага Неба» на прыступках Оперы. Дык чаму б нашай апазіцыі не нарадзіць чалавека, які б не мармытаў лозунгаў парыжскіх камунараў, а сказаў бы тое, што трэба сказаць? Але не. Ідэя мацнейшая за рэальнасць. Вера ў эстэтыку ключа вышэйшая за неабходнасць адмыкаць дзверы. Калі ты больш за ўсё на свеце хочаш мець вялікі залаты ключык, прыйдзецца ахвяраваць жаданнем адамкнуць дзверы з маленькай адтулінай.

Усе гэтыя ключы дадзены чалавеку на ўмове таго, што «прыйдзе час» і менавіта імі ён адчыніць дзверцы за старым палатном. Але і час надышоў, і дзверы знойдзеныя, а ключы не пасуюць! Яны не пралазяць у шчыліну, не пракручваюць сарцавіну. Але тыя, хто іх даваў, кажуць, што замок іржавы і што трэба ключык паварушыць, што «ў цябе рукі крывыя» і «давай я сам».

Ключ і дзверы — гэта гульня ў асацыяцыі. Яна прымушае нас дзейнічаць на ўзроўні набытых сацыяльных рэфлексаў. Геній — Пушкін. Свята — Новы год. Дзяржава — дэмакратыя. Дыктатура — няволя. Народ — гонар.

Але давайце правядзём рэвізію. Вывалім з кішэні ўсе ключы на нашай звязцы.

Бог, усеагульная роўнасць, усёдараванне, усёабдымная любоў, дэмакратыя, славянская духоўнасць, вялікая руская культура і безліч іншых — гэта ключы ў лепшым выпадку ад забытых адрасоў. А бывае, ведаеце, і так, што ключы аддаюцца разам з замком, які так і не ўрэзалі ні ў адны дзверы. І вы носіце іх, пазіраеце на іх і думаеце: адкуль яны ў мяне ўзяліся? Няўжо чужыя знёс?

 І ключы гэтыя не тое, каб не мелі карысці. Я з 10 класа любіў вялікія, пляскатыя. Імі, ведаеце, зручна піва адкаркоўваць.

— Навошта табе столькі ключоў? — спытала мяне жонка, дастаючы амаль новыя джынсы з пральнай машынкі.

А вам?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?