Наколькі шмат было спэкуляцыяў і камэнтароў напярэдадні прыезду Пуціна ў Менск наконт мэтаў візыту, настолькі сьціплай і малазьмястоўнай была рэакцыя прэсы па яго завяршэньні. Сэнсацыі, як і прадказвала большасць палітолягаў, не адбылося — ніякіх дакумэнтаў, у тым ліку датычна лёсу так званай саюзнай дзяржавы, Лукашэнка з Пуціным не падпісвалі (за выключэньнем саюзнага бюджэту). Вынікі, канечне, ёсьць — найперш, гэта абяцаньне расейскага боку прадаставіць Беларусі стабілізацыйны крэдыт у 1,5 мільярда даляраў і абяцаньне ня надта павышаць у бліжэйшым часе цэны на энэрганосьбіты.

Але пры ўважлівым разглядзе ўзьнікаюць сумневы і ў відавочнасьці гэтых вынікаў. Дакладней кажучы — у абгрунтаваньні зь іх дапамогай неабходнасьці прыезду прэзыдэнта Расеі ў Беларусь. Выдача крэдытаў іншым дзяржавам, тым больш саюзным — справа даволі руцінная, ва ўсялякім выпадку, асабістых сустрэчаў кіраўнікоў дзяржаваў наўрад ці патрабуе. Калі, зразумела, адносіны паміж гэтымі дзяржавамі больш‑менш нармальныя. Ну, а публічнае пацьвярджэньне цэнаў на газ, прадугледжаных ранейшымі кантрактамі — рэч увогуле дзіўная.

Як тут ня ўспомніць анэкдот пра гуманізм Сталіна, які вылаяў свайго сукамэрніка ў адказ на ягоную просьбу пазычыць лязо, каб пагаліцца. «А мог бы й зарэзаць!» — захапляецца паводзінамі Кобы сукамэрнік. Маглі б павысіць цану за тысячу кубоў да 180‑ці, а не да 119‑ці даляраў, — захапляюцца Пуціным і «Газпромам» сучасьнікі.

У цэлым настрой супольнасьці палітолягаў і журналістаў па заканчэньні візыту Пуціна можна зьвесьці да вядомай фразы: «І чаго прыяжджаў — можа, сказаць чаго хацеў?»

Здагадвацца, што насамрэч хацеў сказаць Пуцін і што ў яго ў галаве — справа няўдзячная. Няхай ёй займаюцца маскоўскія крэмлязнаўцы, якія на гэтым зубы зьелі (па‑расейску гаворыцца: сабаку зьелі). Адзін зь іх вылучыў такое тлумачэньне візыту расейскага прэзыдэнта: Пуцін, маўляў, спрабаваў сябе ў будучай ролі прэм’ер‑міністра. Між тым, у ролі прэм’ера ён ужо быў да таго, як Ельцын абраў Пуціна сваім пераемнікам. Малаверагодна, каб адбылася адваротная палітычная мэтамарфоза: ператварэньне матылька назад у вусеня. І ў любым выпадку гэтая вэрсія не дае адказу на пытаньне — а чаму Пуцін вырашыў прадэманстраваць сваё памкненьне стаць прэм’ерам такім мудрагелістым спосабам, праз сваю паездку ў Менск?

Паколькі падрыхтоўка да візыту і перамовы былі ахутаныя покрывам сакрэтнасьці, нам застаецца меркаваць пра мэты і падаплёку сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам толькі на падставе сапраўды відавочных фактаў і дэталяў, што ляжаць на паверхні. Фактамі, зразумела, лёгка маніпуляваць — у прыватнасьці, з мэтай прыцямніць сэнс падзеяў. Але дастаткова крыху адступіць у мінулае, і многае паўстае зусім у іншым сьвятле.

Сюрпрызаў ня будзе

Адзін зь вядомых нам гістарычных фактаў — апошнім разам старшыні абедзьвюх палатаў расейскага парлямэнту разам прыяжджалі ў Менск увосень 1996 году. Тады сьпікер Думы Селязьнёў і старшыня Рады Фэдэрацыі Строеў дурылі галаву старшыні Вярхоўнага Савету Шарэцкаму з тым, каб парлямэнт ня йшоў супраць Лукашэнкі і саступіў ягонаму жаданьню правесьці рэфэрэндум аб пашырэньні ўладных паўнамоцтваў прэзыдэнта. Чым скончыўся візыт Селязьнёва і Строева (дарэчы, ці не апошняга расейскага губэрнатара «ельцынскага» прызыву) — усім вядома.

Цяперашнія сьпікеры — Грызлоў і Міронаў — прыехалі ў складзе дэлегацыі расейскага прэзыдэнта. Можна сказаць, што гэта ўсяго толькі пратакол, якога патрабаваў статут Вышэйшае дзяржрады. Але на кіраўніка беларускай дзяржавы, бадай, прыезд «трыюмвірату» з Масквы павінен быў зрабіць уражаньне. І пра падзеі 1996‑га, пра палітычную падтрымку Масквы ён, мабыць, яшэч не забыўся. А тым больш — пра палітычную падтрымку падчас выбараў 2006‑га году.

Калі называць рэчы звычайнай, недыпляматычнай мовай, вышэйшая эліта расейскай дзяржавы прыехала ў Менск, каб чарговы раз нагадаць Аляксандру Лукашэнку, што за пазыкі трэба плаціць. І размова тычыцца ня столькі ранейшых пазыкаў у выглядзе танных газу й нафты — тут Крэмль згодны пачакаць, а палітычных рахункаў. У пэрыяд маючай адбыцца неўзабаве трансфармацыі ўлады ў Расеі Пуцін і ўсе, хто за ім ці побач зь ім стаяць, павінны быць цьвёрда ўпэўненыя, што з боку зацятага хаўрусьніка Лукашэнкі някіх сюрпрызаў ня будзе.

Тое, што ва ўладнай расейскай эліты даўно высьпелі пляны танна прыдбаць рэсурсы Беларусі, сумненьняў ні ў кога не выклікае. Як сказаў адзін расейскі журналіст — купляюць жа на Захадзе «нічыйныя» выспы ў акіяне за пару мільёнаў даляраў, чаму б расейскім алігархам і чыноўнікам не купіць за пару дзясяткаў мільярдаў цэлую краіну?

А пакуль Пуціну і кампаніі важна, каб на заходнім напрамку было ня проста ціха — каб нават ценю пагрозы «аранжавай рэвалюцыі» (якой у Крамлі ўсё яшчэ панічна баяцца, як тыя сланы мышэй) на захадзе ад Масквы не ўзьнікала. Хопіць Расеі праблемаў з Украінай.

Таму Лукашэнку, як і раней, даецца карт‑блянш у яго ўнутранай палітыцы. Ня тое што асуджэньня за парушэньні правоў чалавека і абсалютызм Крэмль ня выкажа. Ён абяцае яму поўную палітычную і эканамічную падтрымку. Не абяцае — перадае ў палітычную спадчыну. Разам зь пераемнікам. Будучым сябром Вышэйшае дзяржрады саюзнай дзяржавы.

Тут цікава ўзгадаць артыкул у «Советской Белоруссии», які з’явіўся напярэдадні візыту Пуціна. Публікацыя была прысьвечаная вылучэньню Дзьмітрыя Мядзьведзева ў прэзыдэнты. На думку газэты, нават калі б у якасьці пераемніка Пуцін ухваліў эстраднага гумарыста Петрасяна, кандыдатура яго ўсё адно атрымала б усеагульную падтрымку ў Расеі. Заўвага, мабыць, слушная. Але жаданьня сьмяяцца не выклікае. Напэўна, аўтару не хапіла фантазіі, каб уявіць, што недзе праз год‑два адбудзецца візыт у Менск прэзыдэнта… Мядзьведзева. І тады публікацыяў, падобных згаданай вышэй, у газэце Адміністрацыі прэзыдэнта РБ напэўна ўжо ня будзе.

Палітычны запавет

А што ж кіраўнік РБ? Парадаксальным чынам ён упершыню для сябе апынуўся ў падобнай сытуацыі, як бы ў інфармацыйным ценю. Калі раней у часе яго сустрэчаў з расейскім партнэрам на вышэйшым узроўні (дый у рамках самітаў СНД) менавіта ад Лукашэнкі найперш чакалі сэнсацыяў і скандалаў, дык гэтым разам галоўным і адзіным ньюсмэйкэрам быў Пуцін. Большасьць камэнтатараў і экспэртаў калі й чакалі сюрпрызаў, дык толькі ад прэзыдэнта Расеі (уменьне выдаваць якія ён не аднойчы дэманстраваў раней). Чамусьці многія апрыёры лічылі і лічаць, што калі Пуцін захоча стаць кіраўніком саюзнай дзяржавы Беларусі, дык ён ім стане. І ад палітычнай волі Лукашэнкі тут мала што залежыць.

Калі нават такое меркаваньне і ня мае рэальных падставаў, гэтым разам кіраўнік Беларусі ператварыўся намаганьнямі расейскай прэсы ў асобу залежнага стану. Іншымі словамі, Пуцін прапіярыў сваю палітыку за кошт сустрэчы з Лукашэнкам.

І гэта выклікала непрыхаванае раздражненьне Рыгоравіча.

Асабліва паказальным падаецца ўяўнае здзіўленьне Лукашэнкі з таго, што на Захадзе, нібыта, быў узьняты «ажыятаж» вакол плянаванага візыту расейскага калегі ў Менск. Справа ня ў тым, што «ажыятаж» узьнік акурат не ў заходняй, а ў расейскай прэсе — пасьля таго, як «Эхо Москвы» распаўсюдзіла сэнсацыйную навіну пра падпісаньне Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы са спасылкай на неназваную крыніцу ў атачэньні Лукашэнкі. Справа ў тым, што кіраўнік дзяржавы, якая прымала высокага госьця, у ягонай прысутнасьці публічна спрабаваў прынізіць значэньне гэтага візыту. Фактычна, калі адкінуць інвэктыву ў бок Захаду, кіраўнік РБ назваў сустрэчу на вышэйшым узроўні з сваім расейскім калегам малазначнай, шараговай падзеяй.

На гэтым ніхто не акцэнтаваў увагу. Але цікава, што і расейскі бок, па сутнасьці, негалосна пагадзіўся з такой ацэнкай. У афіцыйных СМІ, асабліва расейскіх, саміт асьвятляўся вельмі фармальна і скупа. Надаць яму яшчэ меней увагі — азначала б проста выйсьці за межы прыстойнасьці.

Нават заява Лукашэнкі пра тое, што Беларусь гатова адыграць актыўную ролю ў процістаяньні плянам разгортваньня ПРА ў Эўропе, ня выклікала вялікага энтузіязму Пуціна. Бо ў іх вачах менавіта Пуцін, і ніхто іншы на сёньня, ёсьць «нацыянальным лідэрам» і абаронцам Расеі. Дзьвюх «нацлідаў» у адной дзяржаве быць ня можа. Тым больш, калі надзеі на стварэньне саюзнай дзяржавы зусім слабыя, а кіраўнік Беларусі яўна не зьбіраецца перадаваць сваю ўладу нікому.

Візыт Пуціна ў Менск можна разглядаць не як намер вярнуцца на палітычную арэну ў ролі кіраўніка адноўленага Савецкага Саюзу (чалавек цьвярозага складу, ён мусіць разумець усю марнасьць падобных спадзеваў), а як свайго роду складнік палітычнага запавету. Па‑першае, ён пасылае сваеасаблівы сыгнал тае частцы свайго электарату, якая ўсё яшчэ верыць у магчымасьць вяртаньня ў СССР і ў братнія пачуцьці беларускага народу: у Беларусі ўсё спакойна, мы тут застаемся надоўга і адчуваем сябе як дома. А па‑другое, Пуцін дэманструе Захаду нязьменнасьць замежнапалітычнага курсу Расеі, абазначанага ім яшчэ ў славутай прамове ў Мюнхене. І пры гэтым дае зразумець Эўропе на прыкладзе Беларусі, як Расея на самой справе разумее раўнапраўны дыялёг і гатовасьць весьці перамовы зь іншымі краінамі. То бок, з гледзішча Масквы, гэта могуць быць толькі перамовы з пазыцыі сілы. Адносна танныя энэрганосьбіты ў абмен на ляяльнасьць і максымальнае спрыяньне інтарэсам расейскіх дзяржкарпарацыяў.

Беларускі бок ня можа гэтага не разумець. Але афіцыйны Менск у цяперашняй сітуацыі, калі захоўваецца жорсткая залежнасьць эканомікі ад расейскіх энэрганосьбітаў і расейскай дзяржаўнай палітыкі, лічыць за лепшае выдаваць сапраўднае за жаданае. А ўсьлед за начальствам і прэсе нічога не застаецца як ісьці за парадай героя сатырычнага расейскага раману: рабіць разумны выгляд і надзімаць шчокі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?