Падатковыя органы могуць атрымаць доступ да звестак аб куплі фізасобамі валюты з 1 студзеня 2015 года.

Аб гэтым сёння ў час прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі ў БелТА заявіла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова.

Яна растлумачыла, што на сённяшні дзень звесткі аб набыцці грамадзянамі замежнай валюты ў банках краіны складаюць банкаўскую тайну, а падатковыя органы не адносяцца да органаў, якія ўпаўнаважаны на атрыманне гэтай інфармацыі. «Таму прадстаўленне такой інфармацыі ў падатковыя органы магчыма толькі пры ўмове ўнясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты», - адзначыла Надзея Ермакова.

Паводле яе слоў, падрыхтаваны ўжо змяненні ў Падатковы кодэкс, з прыняццем якіх падатковым органам будзе прадастаўлена права атрымліваць звесткі, якія складаюць банкаўскую тайну фізічных асоб. Плануецца, што гэтыя нормы ўступяць у сілу з 1 студзеня 2015 года.

Цяпер праводзіцца работа па арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам па падатках і зборах і Нацыянальным банкам у частцы прадастаўлення ў падатковыя органы звестак аб набыцці грамадзянамі замежнай валюты ў банках краіны.

Кіраўнік Нацбанка адзначыла, што з тэхнічнага пункту гледжання рэалізацыя гэтага рашэння не выкліча ніякіх цяжкасцей. Нацыянальны банк штодзень атрымлівае ад банкаў звесткі аб продажы фізічным асобам замежнай валюты. Гэтыя даныя захоўваюцца ў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме «Разлік» адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы. У выпадку прыняцця адпаведных паправак у Падатковы кодэкс, такія звесткі будуць перадавацца Нацыянальным банкам у падатковыя органы. Максімум, што для гэтага спатрэбіцца - нязначныя дапрацоўкі праграмнага забеспячэння на баку Міністэрства па падатках і зборах і Нацыянальнага банка.

Надзея Ермакова расказала таксама, чаму, з яе пункту гледжання, мэтазгодна прадастаўляць работнікам падатковай службы звесткі аб куплі фізасобамі замежнай валюты. У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам, звесткі аб продажы замежнай валюты могуць быць прадастаўлены Нацыянальным банкам праваахоўным органам па адпаведным запыце. Толькі за 6 месяцаў бягучага года па выніках апрацоўкі інфармацыі, атрыманай па запыце з Нацыянальнага банка, галоўным упраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС праведзена 50 буйных затрыманняў «валютчыкаў». З незаконнага абароту канфіскаваны сродкі ў суме, эквівалентнай больш як Br4,3 млрд, узбуджана 95 крымінальных спраў, звязаных з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, ухіленнем ад выплаты падаткаў.

На падставе інфармацыі, прадастаўленай Нацыянальным банкам, у бягучым годзе праводзіліся кантрольныя мерапрыемствы і па лініі Міністэрства па падатках і зборах. У выніку больш як 400 індывідуальным прадпрымальнікам падатковымі органамі даналічана ў бюджэт больш як Br24 млрд, у тым ліку падаткаў - звыш Br16 млрд. Пры правядзенні работы па дэклараванні даходаў і маёмасці ўстаноўлена 350 фізічных асоб, у якіх расходы, у тым ліку на набыццё замежнай валюты, нерухомай маёмасці і транспартных сродкаў, значна перавышаюць даходы, інфармацыя аб якіх ёсць у падатковых органах. У выніку фізічным асобам даналічана ў бюджэт Br356,6 млн, з якіх спагнана Br245 млн. «Думаю, гэтыя лічбы гавораць самі за сябе», - рэзюмавала Надзея Ермакова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0