Ісламскай пагрозы для Беларусі не існуе, заявіў журналістам упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка 30 кастрычніка ў Мінску. Сёння ён бярэ ўдзел у буйной міжнароднай канферэнцыі па антытэроры, якая праходзіць у сталіцы. 

«Ісламскай пагрозы для Беларусі няма, — сказаў чыноўнік. — У нас два ісламскія аб'яднанні. У адным чатыры абшчыны, у другім — дваццаць чатыры… Небяспекі няма, таму што на чале аб'яднанняў і абшчын стаяць людзі нармальных поглядаў». 

Няма, паводле слоў Леаніда Гулякі, у Беларусі «такога сектанцтва, якое б стварала занепакоенасць на дзяржаўным узроўні».» Такой тэмы, што ў дзяржаве паўстала тэма сектанцтва і яе трэба тэрмінова разрульваць, няма. Але і адмаўляць, што яно існуе ў нейкіх невялікіх дозах, я таксама не магу», — адзначыў чыноўнік. 

Свой удзел у канферэнцыі па антытэроры ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў растлумачыў спецыфікай працы ўзначаленай ім службы. 

«Не ўсе святары, якія прыязджаюць у Беларусь, настроены станоўча ў адрас краіны, — канстатаваў ён. — А запрашаць іх таксама трэба, таму што, напрыклад, у католікаў сярод 430 ксяндзоў, якія служаць у Беларусі, 138 — з Польшчы. Сваіх проста не хапае. А храмы закрыць — гэта таксама будзе няправільна». 

Другі кірунак, паводле слоў чыноўніка, гэта праца з рэлігійнай літаратурай, якая паступае ў рэспубліку.» Яна аналізуецца ў структурах упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і даецца канчатковае дабро — ці наадварот — на яе ўвоз у краіну. А гэта літаратура таксама не заўсёды носіць канструктыўны характар у адносінах да дзяржавы, у якую завозіцца», — заявіў Леанід Гуляка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?