У Беларускім дзяржаўным універсітэце ўпершыню створаны вышэйшы прадстаўнічы орган студэнцкага самакіравання — Асамблея БДУ. 

«Гэта гістарычна значная падзея для БДУ, бо ўдзелу студэнтаў у кіраванні адукацыйным працэсам ВНУ надаецца афіцыйны статус», — паведаміла прэс-служба ВНУ. 

Дзейнасць асамблеі, паводле даных прэс-службы, дазволіць «аптымальна рэалізаваць маладзёжную палітыку БДУ, кансалідаваць студэнцкі грамадскі рух і найболей поўна выкарыстоўваць патэнцыял студэнцтва ў сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях ВНУ і вырашэнні студэнцкіх праблем». Стварэнне асамблеі прадугледжвае таксама актывізацыю інфармаванасці студэнтаў аб дзейнасці БДУ. 

Пад эгідай асамблеі будуць функцыянаваць усе грамадскія арганізацыі і органы студэнцкага самакіравання ВНУ. Прыярытэтнымі кірункамі працы новага органа стануць «абарона правоў студэнтаў, распрацоўка прапаноў па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу, захаванне і развіццё дэмакратычных традыцый студэнцтва», адзначылі ў БДУ. 

Асамблея БДУ будзе прадстаўляць інтарэсы студэнцтва перад органамі кіравання ВНУ, выкладчыцкім корпусам, грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, «умацоўваючы міжвузаўскія, міжрэгіянальныя і міжнародныя сувязі», гаворыцца ў паведамленні ВНУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?