Ісламская дзяржава ў Іраку і Леванце (ІДзІЛ), альбо проста «Ісламская дзяржава» проста, як яна сябе называе з чэрвеня, нясе смяротную пагрозу краінам Блізкага Усходу і іх жыхарам. Аднак Еўропе не варта баяцца гэтую арганізацыю, хоць яна бачыць сябе не толькі дзяржаваю, але нават і халіфатам, г.зн. дзяржаваю ўсіх мусульман свету.

Так, ІДзІЛ гэта сур’ёзны вораг, і яна можа нават патэнцыяльна здзейсніць шэраг тэрарыстычных актаў на тэрыторыі тых еўрапейскіх краін, якія з ёю змагаюцца, як тое ўжо рабіла «Аль-Кайда». Аднак, баяцца ІДзІЛ больш чым, скажам, тую ж «Аль-Кайду», еўрапейцам не варта. А вось жыхарам Блізкага Усходу варта, бо «Аль-Кайда», ад якой нядаўна аддзялілася ІДзІЛ, ніколі не кантралявала гэтулькі тэрыторыі і рэсурсаў, як ІДзІЛ. Таму знішчыць ІДзІЛ любымі метадамі, і вайсковымі, і ідэалагічнымі, і эканамічнымі стала апошнімі месяцамі прыярытэтам №1 для шэрагу краін Блізкага Усходу і іх заходніх хаўруснікаў, у першую чаргу ЗША.

Адкуль з’явілася гэтая «Ісламская дзяржава», якім чынам яна пакуль здолела пераадолець сваіх ворагаў, чаго яна прагне і што пра яе думаюць мусульмане свету.

Каб зразумець прычыны, якія прывялі да стварэння ІДзІЛ, трэба заглянуць у гісторыю. Можна даць наступнае рэзюмэ падзей, без якіх ІДзІЛ не магла б паўстаць.

Па-першае, гэта Першая сусветная вайна (1914—1918). Гэтая вайна прывяла да падзення чатырох дынастыяў Цэнтральнай Еўропы і Еўразіі: Раманавых у Расіі, Гагенцолернаў у Германіі, Габсбургаў у Аўстра-Венгрыі, ды Асманаў у Асманскай імперыі. У выніку вайны, арабскія землі імперыі адышлі пад мандаты пераможцаў – Брытаніі і Францыі. У выніку, амаль усе межы сённяшняга Блізкага Усходу — гэта лініі, намаляваныя на мапе каланізатарамі амаль стагоддзе таму. А гэта значыць, што з самага пачатку амаль ва ўсіх блізкаўсходніх дзяржаваў быў недахоп легітымнасці.

Па-другое, параза ў Першай сусветнай вайне прывяла туркаў да радыкальнай адмовы ад стаўпоў сваёй былой дзяржавы і да стварэння новай Турэцкай рэспублікі. У выніку, сям’я Асманаў – не толькі султанаў але і халіфаў – была выкінутая за борт гісторыі. Турэцкі парламент скасаваў халіфат у 1924 г. Такім чынам, інстытут халіфата, які у ідэале даваў мусульманам пачуццё еднасці і быў крыніцаю легітымнасці сапраўдных ісламскіх дзяржаў, праіснаваў з 632 г. да 1924 г., а вось апошнія 90 гадоў – гэта першы перыяд у гісторыі мусульман, калі ў свеце няма намесніка Прарока. Шматлікія мусульмане, далёкія ад экстрэмізму, хочуць, каб зноў з’явіўся халіфат.

Бліжэй да нашых дзён савецкае ўварванне ў Афганістан у 1979 г. і амерыканска-саудаўска-пакістанская рэакцыя на гэтае ўварванне прывялі да таго, што шматлікія выхадцы з Блізкага Усходу атрымалі вайсковую падрыхтоўку і практычны вопыт джыхаду супраць СССР у Афганістане. Потым частка з іх (напрыклад Усама бін Ладэн) павярнула свой вопыт супраць былых спонсараў – ЗША, якія яны лічылі такою ж крыніцаю зла і такою ж імперыялістычнаю дзяржаваю, як і Савецкі Саюз.

Яшчэ адно ўварванне, у гэты раз амерыканскае ў Ірак у 2003 г., моцна дэстабілізавала гэтую краіну. У выніку у баях з амерыканцамі, а таксама паміж рознымі групоўкамі саміх іракцаў, загінулі дзясяткі тысяч чалавек. Амерыканцы стварылі палітычную сістэму ў Іраку, якая з’яўляецца дэмакратычнаю па форме, але якая фактычна ўсталявала дамінацыю шыітцкай большасці (напрыклад, паліцыянты-шыіты з амерыканскім узбраеннем маглі спакойна адкрыць агонь па суніцкай дэманстрацыі). Арабы-суніты, якія да падзення Садама Хусейна дамінавалі ў Іраку дзесяцігоддзямі, засталіся вельмі незадаволеныя і многія з іх пачалі разглядаць былы іракскі ўрад прэм’ер-міністра Нуры аль-Малікі (2006-2014) як варожы рэжым.

І апошняе. Г. зв. Арабская вясна, якая пачалася ў 2011 г. ў Тунісе і распаўсюдзілася па ўсім рэгіёне, спачатку прынесла надзею людзям амаль ва ўсім арабскім свеце, але потым прынесла горкае расчараванне. Самым горкім гэтае расчараванне было ў Сірыі, дзе дэманстрацыі за дэмакратыю былі расстраляныя войскамі прэзідэнта Башара Асада, пачаўся бунт часткі арміі, а потым грамадзянская вайна, і, урэшцэ, адбылося ўварванне ў гэтую вайну адразу дзвюх галін «Аль-Кайды»: Фронту ан-Нусра ды ІДзІЛ.

То бок, калі сірыйская дзяржава фактычна развалілася ў грамадзянскай вайне, калі суседні Ірак ужо дзесяцігоддзе знаходзіцца ў стане, блізкім да грамадзянскай вайны, і калі існуюць тысячы экстрэмістаў, якія ваявалі ў Афганістане, Іраку альбо Сірыі і гатовыя біцца да апошняга, каб рэалізаваць сваю візію тэакратычнай дзяржавы, калі межы паміж арабскімі дзяржавамі не зусім легітымныя і калі сярод часткі насельніцтва існуе рэальнае жаданне аднавіць халіфат, можна зразумець як магла паўстаць такая арганізацыя, як ІДзІЛ.

ІДзІЛ – гэта новая назва былой арганізацыі «Аль-Кайда ў Месапатаміі», якая гадамі білася з амерыканцамі ды ірацкімі шыітамі. Нават бін Ладэн, седзячы ў Пакістане, шмат разоў заклікаў кіраўніка гэтай арганізацыі Абу Мусаба аз-Заркаві (забітага амерыканцамі ў 2006 г.) не забіваць гэтулькі шыітаў, але той не слухаўся. Пасля Заркаві лідэрам гэтай экстрэмісцкай групоўкі стаў Абу Амар аль-Багдадзі, які абвесціў стварэнне «Ісламскай дзяржавы Ірак», а потым загінуў у 2010 г.

На яго месца прыйшоў Абу Бакр аль-Багдадзі. Пад ягоным камандаваннем «Ісламская дзяржава Ірак» пачала ўдзельнічаць у сірыйскай грамадзянскай вайне, спрабуючы падпарадкаваць сабе тамтэйшую галіну «Аль-Кайды», Фронт ан-Нусра. Такім чынам «Ісламская дзяржава Ірак» была перайменаваная ў ІДзІЛ і ўзяла кантроль над значнаю часткаю ўсходняй Сірыі, з яе нафтаю ды электрастанцыямі.

ІДзІЛ была такою жорсткаю, што нават Айман аз-Завахірі, цяперашні галава «Аль-Кайды», загадаў ёй не забіваць гэтулькі мірных людзей. Атрымаўшы адмову, «Аль-Кайда» сёлета сама адмовілася ад далейшага супрацоўніцтва з ІДзІЛ.

І ўрэшце, гэтым летам, ІДзІЛ распачала спробу захапіць наколькі магчыма больш тэрыторыі ў Іраку. Ведаючы, што ІДзІЛ забівае палонных жаўнераў без літасці і разбору, ірацкія вайскоўцы пачалі масава ўцякаць. ІДзІЛ захапіла Масул, другі па насельніцтве горад Ірака, хоць мела там 800 байцоў супраць 30 тысяч жаўнераў іракскай арміі, якія разбегліся, пакідаўшы зброю. Сотні тысяч мірных людзей ператварыліся ў бежанцаў. Затое ІДзІЛ атрымала гэтулькі нафты, што проста ад продажу яе іракскім ды турэцкім гандлярам на чорным рынку яна зарабляе больш за мільён долараў штодзённа. І тут ІДзІЛ абвясціла пра аднаўленне халіфата з Абу Бакрам аль-Багдадзі ў якасці Халіфа Ібрагіма.

Калі хтосьці абвяшчае сабе халіфам, гэта хутка дзеліць мусульман на «за» і «супраць». Абвяшчэнне халіфата азначае, што амбіцыі ІДзІЛ значна шырэйшыя, чым у звычайнай тэрарыстычнай арганізацыі. У перспектыве ІДзІЛ хоча авалодаць усім мусульманскім светам. У арміі ІДзІЛ ваююць прыблізна 30 тысяч байцоў, палова з якіх – іншаземцы з прыблізна 80 краін. Але ўсё роўна, 30 тысяч чалавек з 1,6 мільярдаў мусульман – гэта досыць маргінальны феномен.

Цяпер супраць ІДзІЛ змагаюцца не толькі ўрады Іраку ды Сірыі, але таксама Іран і ліванская шыіцкая арганізацыя «Хезбалах», плюс ААЭ, Бахрэйн, Катар, Саудаўская Аравія ды Іарданія. Апошнія пяць краін бамбавалі пазіцыі ІДзІЛ у Сірыі разам з ЗША; тым часам, заходнія хаўруснікі ЗША (напрыклад, Канада) бамбяць ІДзІЛ у Іраку. Сірыйскія курды разам з іракскімі абараняюць сірыйскі горад Кабані. Ліга арабскіх нацыяў заявіла, што супраць ІДзІЛ трэба змагацца ўсімі мэтадамі.

На ідэалагічным фронце, у верасні 126 ісламскіх рэлігійных дзеячаў (у тым ліку егіпецкі вярхоўны муфцій, Шаўкі Алам) напісалі доўгі адкрыты ліст, адрасаваны аль-Багдадзі, дзе паказалі, з дапамогаю Кур’ану, наколькі ягоныя дзеянні супраць цывільных, супраць жанчын, супраць немусульман, супраць палонных і г.д. супярэчаць ісламу, і прапаноўваюць яму пакаяцца. Гамза Юсуф, заснавальнік мусульманскага каледжа Зайтуна ў Каліфорніі, назваў ІДзІЛ пасланцамі шайтана. Імам маёй мячэці ў Манрэалі днямі назваў сяброў ІДзІЛ дэманамі ды дзікімі звярамі.

Так, сярод мусульман ёсьць жменька людзей, каму падабаецца ІДзІЛ. Адзін з такіх, канадзец Мартэн Куцюр-Руло, нядаўна збіў машынаю канадскага жаўнера ля Манрэаля. Але

у большасці мусульман ІДзІЛ выклікае нянавісць і неразуменне: як магчыма так паводзіць сябе ў імя іслама? Дарэчы, трэба памятаць, што ІДзІЛ забівае мусульман тысячамі. І перамагчы, выкараніць ды знішчыць яе могуць таксама толькі мусульмане, але, вядома з дапамогаю сяброў-немусульман.

* * *

Рашэд Чоўдхуры нарадзіўся ў Мінску ў сям’і бангладэшца і беларускі. Скончыў дактарантуру па гісторыі ў МакГілаўскім універсітэце (Манрэаль, Канада). Працуе навуковым супрацоўнікам у Цэнтры індыйска-акіянскага свету ў МакГіле. Раней выкладаў гісторыю Блізкага ўсходу ў МакГіле і Універсітэце Манітобы (Вініпег, Канада). Піша па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0