З-за нездавальняючых вынікаў на міжнароднай арэне баскетбалісты клуба «Цмокі-Мінск» адмовіліся ад кастрычніцкай зарплаты. 

Як паведаміла 3 лістапада прэс-служба клуба, пасля пяці паражэнняў запар у Адзінай лізе ВТБ адбыўся сход. «Гульцы разам з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі трэнерскага штаба абмяркоўвалі прычыны няўдалых выступленняў, а таксама спосабы, якія могуць дапамагчы дружыне пераадолець крызіс. Пасля абмену меркаваннямі і адкрытай мужчынскай гутаркі спартсмены прынялі рашэнне, якому цяжка знайсці аналагі ў гісторыі беларускага спорту. Усе без выключэння «цмокі» добраахвотна адмовіліся ад належных па кантрактах зарплат за кастрычнік, каб дадаткова матываваць сябе да паляпшэння вынікаў на кантынентальнай арэне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе. 

«У нашай камандзе сабраліся дасведчаныя і амбіцыйныя спартсмены. Яны добра разумеюць, у якім становішчы апынуўся калектыў. Відавочна, што ў пяці стартавых матчах Адзінай лігі ВТБ клуб не паказаў тых вынікаў, якіх ад яго чакалі, — адзначыў капітан каманды Аляксей Лашкевіч. — Для паляпшэння сумнай сітуацыі, якая склалася на восеньскім адрэзку, патрабаваўся стымул. Найболей дзейсным з іх, на думку ўсіх гульцоў «цмокаў», з'яўляецца адмова ад месячнай заработнай платы. Прыемна, што ўсе хлопцы з разуменнем паставіліся да гэтага рашэння — і пагадзіліся, што яно неабходнае». 

У сваю чаргу кіраўнікі клуба гарантавалі выплаты па кантрактах у поўным аб'ёме ў выпадку «адчувальнага росту вынікаў» як у лізе ВТБ, так і ў матчах Еўрачэленджа, дзе каманда стартуе 5 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?