У Вярхоўным судзе Беларусі 18 снежня разглядаецца скарга ініцыятараў стварэння руху "За Свабоду" на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання.

Нагадаем, апошняя адмова Мінюста ў рэгістрацыі праваабаронча-асветнага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду" грунтуецца на тым, што арганізатары правялі ўстаноўчы з'езд на тэрыторыі дзіцячага лагера, які не функцыянуе, з парушэннямі закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Тым самым, на думку міністэрства, быў парушаны парадак стварэння грамадскага аб'яднання.

Як лічыць намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, усе патрабаванні заканадаўства пры правядзенні ўстаноўчага сходу арганізацыі былі выкананы. Паводле яго слоў, стварэнне грамадскіх арганізацый рэгламентуецца законам аб грамадскіх арганізацыях, а закон аб масавых мерапрыемствах, на падставе якога было адмоўлена ў рэгістрацыі, ніякага дачынення да правядзення з'ездаў не мае.

Апрача таго, арганізатары руху просяць суд прызнаць тое, што пры разглядзе дакументаў аб рэгістрацыі Мінюст парушыў закон. Дакументы аб рэгістрацыі павінны быць разгледжаны ў месячны тэрмін. Арганізатары падалі заяўку на рэгістрацыю 11 верасня. Адмоўны адказ быў дадзены толькі 22 кастрычніка.

Нагадаем, Міністэрства юстыцыі двойчы адмаўляла ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду" — 21 ліпеня і 22 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?