Мачо з Іспаніі

Сэксуальна заклапочаны Камандор Гомес (Юрый Кавалёў), які валодае буйной зямельнай маёмасцю, не абмінае ніводнай спадніцы. Сяляне ненавідзяць свайго гаспадара, але моўчкі церпяць прыніжэнні. Гэтым разам выбар мачо спыняецца на Лаўрэнсіі (Людміла Хітрова). Франдоса (Канстанцін Геронік), які кахае прыгажуню, пярэчыць і супраціўляцца гаспадару, але трапляе ў турму. Камандор забірае Лаўрэнсію ў свой замак. Але народ усё роўна не можа вырашыць, што рабіць: вызваліць дзяўчыну або палахліва маўчаць… Памяняйце Іспанію на любую краіну постсавецкай прасторы, феадала на мясцовага начальніка – і атрымаеце адзін з самых актуальных спектакляў, які за апошні час паставілі ў Нацыянальным тэатры опера і балета.

«Лаўрэнсія» створаная па матывах п’есы «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца»), якую ў пачатку ХVІІ стагоддзя напісаў славуты іспанскі драматург Лопэ дэ Вэга. У яе аснове – рэальны гістарычны выпадак: паўстанне сялян супраць свайго феадала. Балет, напісаны ў 1939-м кампазітарам Аляксандрам Крэйнам, у тым жа годзе быў пастаўлены Вахтангам Чабукіяні, славутым грузінскім танцоўшчыкам і харэографам, у Кіраўскім тэатры (так называлася знакамітая пецярбургская Марыінка). Трыумф «Лаўрэнсіі» не ў апошнюю чаргу тлумачыўся гістарычным кантэкстам. У Іспаніі ішла грамадзянская вайна, рэспубліканцы, якім дапамагаў СССР, змагаліся супраць генерала Франка, якога падтрымлівалі буйныя землеўладальнікі. Таму нядзіўна, што пастаноўкі «Лаўрэнсіі» прайшлі ва ўсіх буйных оперных тэатрах Савецкага Саюза. Не стаў выключэннем і Мінск: у 1955-м балет увасобіў славуты танцоўшчык Сямён Дрэчын, якім сам выконваў ролю Франдоса. Праўда, спектакль была паказаны ўсяго 12 разоў, пасля чаго знік з рэпертуару.

Новую пастаноўку балета ў Мінску ажыццявіла знакамітая грузінская балерына Ніна Ананіяшвілі. Вынік яе працы дазваляе знайсці аргументы як для аптыміста, так і для песіміста.

Погляд аптыміста

Галоўны аргумент «за» – нечаканая актуальнасць спектакля. Размова не толькі пра акалічнасці, звязаныя з прыватным жыццём герояў. У свой час «Лаўрэнсія» трактавалася як героіка-рамантычны балет на рэвалюцыйную тэматыку (змаганне паміж сялянамі і Камандорам лічылася праявай класавай барацьбы). Рэвалюцыйны пафас у спектаклі амаль знік. Бадай, ён праяўляецца толькі ў гучанні аркестра (дырыжор-пастаноўшчык – Алег Лясун). А вось тэма мужнага супраціву злу (цэнтральная ў творчасці Чабукіяні), а таксама змаганне народа за сваю свабоду захаваліся. Цікавы яшчэ адзін аспект: нават калі збітая і згвалтаваная Лаўрэнсія вяртаецца з замка Камандора, куды дзяўчыну зацягнулі яго слугі, палахлівыя і зацюканыя жыццём мужчыны не спяшаюцца на дапамогу. Толькі пасля таго як гераіня пагражае, што пойдзе на штурм разам з іх сёстрамі і жонкамі, у іх прачынаецца сорам. Сітуацыя, калі жанчыны з’яўляюцца сумленнем нацыі, надзвычай сугучная нашаму часу.

На агульнае ўражанне маляўнічага спектакля ўплывае таксама праца мастакоў. Сцэнаграфія Давіда Манавардзісашвілі дастаткова традыцыйная: невялікае мястэчка з дамамі пад чарапічнымі дахамі выглядае прывабна і гарманіруе з навакольнай прыгажосцю. А над ім на даляглядзе ўзвышаецца злавесны замак, які нібы навісае над наваколлем. Захаплення заслугоўвае праца Аляксандра Васільева, мастака па касцюмах. Яго досвед гісторыка моды і калекцыянера дапамог стварыць касцюмы лёгкія, вытанчаныя, арыгінальныя па колеры і сілуэце, да таго ж стылізаваныя пад гістарычныя.

Істотна, што ў салістаў і кардэбалету атрымліваецца перадаць атмасферу і дух Іспаніі (што асабліва выяўляецца ў эфектных характарных танцах). Асабліва хацелася б вылучыць Канстанціна Героніка і Канстанціна Кузняцова. Менга, герой апошняга, у нечым нагадвае Базіля з класічнага «Дон Кіхота». Геронік стварае вобраз рамантыка і барацьбіта за свабоду. Калі ўлічваць відовішчнасць балета і агульную дынамічнасць дзеяння, можна гарантаваць, што пастаноўка будзе карыстацца попытам у публікі. Каб чытачы не лічылі папярэдні сказ агульнымі словамі, прызнаюся: значную частку спектакля захоплены глядач перамагаў у маёй свядомасці занудлівага крытыка.

Погляд песіміста

За апошнія пяць гадоў, якія прайшлі з часу рэканструкцыі тэатра, на вялікай сцэне з’явілася 14 балетаў (прэм’ера яшчэ двух адбылася на новай, эксперыментальнай сцэне, але іх паказалі лічаную колькасць разоў). На статус безумоўнай падзеі прэтэндуюць толькі «Шэсць танцаў». Не псуюць агульнай карціны «Серэнада» і «Шахеразада». Прычым усе тры балеты пастаўленыя ў іх ранейшай, а значыць, кананічнай версіі. Перанос такіх пастановак – годная асветніцкая справа, якая далучае беларускага гледача да найлепшых прыкладаў сусветнай харэаграфіі (працы належаць, адпаведна, Іржы Кіліану, Джорджу Баланчыну і Міхаілу Фокіну).

Напярэдадні прэм’еры сцвярджалася, што Ніна Ананіяшвілі ажыццявіць пастаноўку спектакля, а таксама створыць новую рэдакцыю лібрэта. Але параўнанне кананічнага тэксту лібрэта з тым, што мы бачылі на сцэне, паказвае: амаль ніякіх зменаў не адбылося. Перад намі амаль тая ж версія 1939 года.

Але «Лаўрэнсія» стваралася ў эпоху драмбалета – кірунку, які быў распаўсюджаны на прасторах СССР у 1930 – 1950-я гады. Яму былі ўласцівыя цікавасць да літаратурных сюжэтаў (згадаем Лопэ дэ Вега), пэўная, а часам і празмерная ілюстрацыйнасць. Усё гэта прыводзіла да таго, што на першы план выходзілі пантаміма і драматычныя сродкі выразнасці. Тое ж можна назіраць і ў «Лаўрэнсіі». Сцэны паўсядзённага жыцця, агульнага свята, а таксама вяселля герояў вырашаныя праз арыгінальную харэаграфію. А вось вобразы Камандора і яго служак – праз пантаміму. Так, Юрый Кавалёў грае цудоўна. Яго пажадлівыя позіркі, скіраваныя на Лаўрэнсію, прымусілі ўспомніць балет «Спартак», дзе танцоўшчык стварыў яркі вобраз Краса (на жаль, шэдэўр Валянціна Елізар’ева ідзе на сцэне надзвычай рэдка). Атрымліваецца, што ў самых напружаных сцэнах «Лаўрэнсіі» (дзе павінен адчувацца востры канфлікт) уласна танец зусім неабгрунтавана выцясняецца пантамімай. Але тое, што здавалася актуальным 75 гадоў таму, не заўсёды дарэчнае ў наш час. Беларускі балет перарос драмбалет яшчэ ў пачатку 1970-х. Але цяпер апошні не толькі грукаецца ў нашыя дзверы, але і захапіў частку рэпертуару.

Да таго ж у «Лаўрэнсіі» яскрава прасочваецца кантраст паміж станоўчымі і адмоўнымі героямі. Танец звычайна нівелюе гэтыя адрозненні і дадае вобразам большую пераканаўчасць. Калі пачынаецца пантаміма, канфлікт выглядае крыху схематычным. Таму фрагменты, прыдуманыя самой Нінай Ананіяшвілі, былі б вельмі дарэчы. Але яна не стала рызыкаваць, з піетэтам паставіўшыся да спадчыны Чабукіяні. Таму часам узнікае адчуванне музейнасці. Праўда, калі ўлічыць несумненную актуальнасць спектакля, можна гарантаваць, што пылам гэты экспанат дакладна не пакрыецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?