Адміністрацыя распрацаванага Паўлам Дуравым мэсэнджара Telegram абвясціла пра пачатак конкурсу па ўзломе шыфравання перапіскі.

Паводле ўмоваў конкурсу, хакерам не трэба ўзламваць сам крыптаграфічны пратакол MTProto, які выкарыстоўваецца ў мэсэнджары Дурава Telegram. У конкурсе лічыцца, што хакеры ўжо захапілі поўны кантроль над серверамі.

Галоўная задача — даведацца з зашыфраванай перапіскі двух ботаў, Пола і Ніка, спецыяльны адрас электроннай пошты. Каб пачаць заданне, трэба знайсці ў Telegram карыстальніка з нікнэймам @CryptoContest і адаслаць яму слова «START».

Конкурс завершыцца пры першай перамозе хакераў ці спыніцца 4 лютага 2015 года, калі хакеры пацерпяць паразу. Галоўны прыз узломшчыку складае 300 тысяч даляраў, асобны прыз у 100 тысяч дастанецца таму, хто прымусіць бота прыняць зашыфраванае паведамленне.

У 2013 годзе Павел Дураў ужо праводзіў такі конкурс. Тады ён выклаў усю сваю перапіску ў Telegram у адкрыты доступ у выглядзе таго трафіку, які перадае мэсэнджар. Любому, хто змог бы яго расшыфраваць, ён абяцаў 200 тысяч даляраў. Конкурс завершыўся без пераможцы.

Telegram — мабільная праграма для абмену паведамленнямі і медыяфайламі. Праект створаны Паўлам Дуравым на аснове пратакола шыфравання MTProto, створанага яго братам Мікалаем Дуравым. Сама праграма пастаўляецца з адкрытым сыходным кодам.

***

Павел Дураў — расійскі прадпрымальнік, заснавальнік сацсеткі «Укантакце». У снежні 2013 года пазбавіўся ад сваёй долі (12%) ў кампаніі. Увесну 2014 года быў звольнены з пасады гендырэктара сацсеткі. Дураў пакінуў Расію, зараз з’яўляецца грамадзянінам Сэнт-Кітс і Нэвіс. У верасні 2014 года «Ўкантакце» была цалкам выкупленая Mail.ru Group.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?