Алене Танкачовай могуць скараціць тэрмін забароны на ўезд у Беларусь з трох гадоў да года. Такое рашэнне можа быць прынята, калі яна напіша адпаведнае хадайніцтва, паведамілі праваабаронцы ў Першамайскім РУУС Мінска, дзе 5 лістапада разглядалася пытанне пра яе высылку з краіны. 

Нагадаем, 5 лістапада ва УУС Першамайскага раёна сталіцы Танкачовай прадпісалі цягам месяца пакінуць тэрыторыю Беларусі, а таксама паведамілі пра забарону на ўезд у краіну на тры гады

На пытанне, ці скарыстаецца яна магчымасцю скараціць тэрмін забароны на ўезд у Беларусь, Танкачова адказала, што спачатку абскардзіць прынятае рашэнне, а затым будзе «глядзець па акалічнасцях». 

У Першамайскім РУУС праваабаронцы сваё рашэнне растлумачылі неабходнасцю «забяспечыць грамадскую бяспеку», паколькі «дапушчаныя ў папярэдні перыяд парушэнні правіл дарожнага руху, а менавіта нязначнае перавышэнне хуткасці, маглі мець вынікам прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці смерці грамадзян Рэспублікі Беларусь». 

«Калі б хтосьці са старой прафесуры, якая яшчэ мне чытала лекцыі на юрфаку, што-небудзь падобнае да гэтага ад мяне пачуў, мне сапраўды б адбілі рукі і не далі б дыплом», — пракаментавала Танкачова прадстаўленае ёй абгрунтаванне аб высылцы з краіны. 

Старшыня праўлення асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і пастаянную працу, але з'яўляецца грамадзянкай Расіі. На працягу 20 гадоў яна і яе арганізацыя аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. 

30 кастрычніка гэтага года Танкачовай заявілі пра ануляванне віда на жыхарства. Падставай для такога рашэння ўлад сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці, зафіксаваныя відэакамерамі. Сабраныя актывістамі грамадзянскай супольнасці прыклада сем тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны на прынятае рашэнне не паўплывалі.

Спецыяльна з Масквы прыехаў член Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека (СПЧ) пры прэзідэнце РФ Сяргей Крывенка. Ён расказаў журналістам, што знаёмы з Аленай Танкачовай даўно, амаль 10 гадоў яна з'яўляецца экспертам СПЧ. «Я ведаю яе як буйнога грамадскага дзеяча», — падкрэсліў Крывенка. Паводле яго слоў, пра сітуацыю з Аленай Танкачовай праінфармаваны Уладзімір Пуцін, а на сённяшнім пасяджэнні ва УУС Першамайскага раёна павінен прысутнічаць супрацоўнік расійскага консульства. «Спадзяюся, гэта дапаможа прадухіліць высылку», — сказаў Крывенка. 

Раней старшыня СПЧ РФ Міхаіл Фядотаў заклікаў МЗС Расіі аказаць тэрміновую падтрымку расійскай грамадзянцы Танкачовай, якой пагражае высылка з Рэспублікі Беларусь, дзе яна пастаянна пражывае. «Яўная неадэкватнасць ужытай уладамі Рэспублікі Беларусь санкцыі за нязначнае правапарушэнне прымушае меркаваць, што рэальным матывам высылкі расійскай грамадзянкі з'яўляецца праваабарончая дзейнасць Алены Танкачовай», — падкрэсліў Фядотаў. 

Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці таксама лічаць дзеянні ўлад непрапарцыянальнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай праваабарончай дзейнасцю Алены Танкачовай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?