У Вярхоўным судзе скончыліся слуханні па скарзе аргкамітэта аб’яднання «Рух «За Свабоду». Не на карысць грамадзянаў. "Рухаўцы" будуць падаваць дакументы на рэгістрацыю зноў.

Суд стаў на бок Мінюсту, пазіцыя якога палягае ў тым, што заснавальнікі руху мусілі пытацца дазволу на правядзенне ўстаноўчага сходу ў мясцовых уладаў. Прадстаўнікі аргкамітэта з довадамі Мінюста нязгодныя. Да таго ж, яны звярнулі ўвагу суда, што Мінюст пры разглядзе заявы аб рэгістрацыі грамадскага аб’яднання парушаў заканадаўства. З боку міністэрства была спроба вярнуць дакументы, пададзеныя на рэгістрацыю без разгляду, а таксама адказ на заяву быў дадзены са спазненнем, кажуць у руху «За Свабоду».

Тут таксама адзначылі такую цікавую акалічнасць, што працэс вёўся па‑беларуску.

І, па словах аднаго з кіраўнікоў руху Юрася Губарэвіча, прадстаўнік Мінюсту паабяцаў у судзе, што ён абавязкова будзе зарэгістраваны. Праўда, паводле чыноўніка, гэта адбудзецца, калі заснавальнікі выканаюць усе патрабаванні заканадаўства. Але менавіта якія патрабаванні мусяць быць выкананы, ён не патлумачыў.

Губарэвіч паведаміў, што дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст будуць падавацца «рухаўцамі» зноў.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0