Ужо амаль паўгоду, зь ліпеня 2007 г., як дзейнічае Агульнанацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР. Аргкамітэт заснавалі вядомыя грамадска‑палітычныя дзеячы, пісьменьнікі, мастакі, а таксама найбуйнейшыя грамадскія арганізацыі Беларусі («Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», ТБМ, Саюз беларускіх пісьменьнікаў ды інш.). Ачоліла Аргкамітэт старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, сустаршынямі абраныя Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін. За гэты час да Аргкамітэту далучыліся шэраг вядомых беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячаў, а таксама партый і рухаў ‑‑ партыя БНФ, незарэгістраваныя рух «За Свабоду», «Хрысціянскія дэмакраты».

27 сьнежня адбудзецца чарговае паседжаньне Аргкамітэту па сьвяткаваньні 90‑х угодкаў БНР. На ім плянуецца разгледзіць плян дзейнасьці на ўвесь год, сфармаваць рабочыя групы па зацверджаных раней кірунках (грамадска‑палітычны, інфармацыйны, адукацыйны, культурна‑асветны, міжнародны).

Будуць абмеркаваныя звароты, у тым ліку да дзяржаўных органаў Беларусі, аб абвяшчэнні наступнага года — Годам беларускай дзяржаўнасці. Пасля канчатковага ўзгаднення са старшынёй Аргкамітэту звароты будуць накіраваныя ў адпаведныя дзяржаўныя і міжнародныя структуры.

Інфармацыйны аддзел Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшына"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0