Пасьля дзьвюх «віленскіх», «варшаўскага», «гданьскага» і «стараховіцкага» пэрыядаў дзейнасьці за межамі краіны Беларускі Ліцэй два тыдні працаваў у Францыі.

Па дарозе Ліцэй наведаў старых сяброў з гімназіі імя Г.Келера ў заходняй частцы Бэрліну (кантакты былі навязаныя ў першай палове 1990-х). Ліцэісты пашпацыравалі па вечаровым горадзе, сфатаграфаваліся ля Брандэнбурскае брамы, колішняга райхстагу, на вуліцы Унтэр-дэн-Ліндэн.

У Францыі ліцэістаў, выкладчыкаў і доктарку (маці аднаго з навучэнцаў) прытуліў гарадок у Цэнтральным масіве пад назовам Арэк-на-Люары. Навучэнцы мелі мажлівасьць наведваць заняткі, якія праходзілі ў сапраўдным замку – колішняй рэзыдэнцыі баронаў Шазурнаў, карыстацца вялікай спартовай заляй і штодня выпраўляцца на шпацыр у гарах. Тым разам вучобы было не зашмат, бо некалькі дзён было ахвяравана на выезды ў аўтобусныя вандроўкі – у Ліён зь яго ўнікальнымі помнікамі антычнасьці й сярэднявечча, у замак Паліньяк і багаты на сярэднявечную архітэктуру горад Лё-Пюі. У Лё-Пюі беларускіх ліцэістаў пад бел-чырвона-белым сьцягам вітала кіраўніцтва Генэральнае рады дэпартамэнту Верхняе Люары разам з сэнатарам Гутэронам. На заканчэньне вандроўкі ліцэісты разам з выкладчыкамі наведалі набажэнства ў парыскім Нотр-Даме, выставу сучаснага мастацтва ў Цэнтры Пампіду, падняліся на Эйфэлеву вежу.

Пасьля пэўных прыгодаў у дарозе (паламаўся адзін з аўтобусаў) Беларускі Ліцэй вярнуўся на бацькаўшчыну, прывёзшы з сабою сувэніры, паміж іншага, для тых бацькоў, што ў выніку падзеяў 19–25 сакавіка адбывалі суткі ў акрэсьцінскай вязьніцы.

Візыт ліцэістаў у Францыю адбыўся дзякуючы падтрымцы Фундацыі імя Рабэра Шумана й іншых дабрадзеяў пры спрыяньні Міністэрства культуры Францыі й амбасады гэтай краіны ў Менску.

Поўныя ўражаньняў ад паездкі, ліцэісты вярнуліся да заняткаў на радзіме. Цярер яны разважаюць над запрашэньнямі, якія паступілі зь іншых эўрапейскіх краінаў.

Між іншага, Ліцэй шукае новых сяброў і ў Беларусі, запрашаючы далучыцца тых бацькоў і дзяцей, што ў наступным навучальным годзе маюць перайсьці ў 8-я–10-я клясы сярэдняе школы. Неабходныя кантакты можна знайсьці праз рэдакцыю «Нашай Нівы».

ЛБ, Бэрлін–Арэк-на-Люары–Ліён–Лё-Пюі–Парыж–Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0