6 лістапада, адседзеўшы ад званка да званка, на волю выйшаў гамяльчанін Аляксандр Кушнер, больш вядомы ў крымінальным свеце як злодзей у законе пад мянушкамі Саша Кушнер і Саша Беларус. Пакаранне ён адбываў у Мазыры ў папраўчай калоніі строгага рэжыму ВК-20.

Нагадаем, што Аляксандр Кушняроў з сваіх пражытых 48 гадоў ледзь не палову правёў у месцах пазбаўлення волі. У «ліхіх 90-х» за двайное забойства, учыненае ў складзе банды, ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак расстрэл быў заменены на 15-гадовы тэрмін. Пасля вызвалення Кушнер знаходзіўся пад наглядам міліцыі, але ў снежні 2010 года самавольна пакінуў Беларусь, за што быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук.

Як пазней высветлілася, ён з'ехаў у Маскву і далучыўся да клана аднаго з самых уплывовых крымінальных аўтарытэтаў Аслана Усаяна па мянушцы Дзед Хасан.

У траўні 2011 года Дзед Хасан «каранаваў» пяць новых злодзеяў у законе, у ліку якіх быў і Аляксандр Кушняроў — яго Дзед Хасан прызначыў «гледзячым» за Беларуссю.

Аднак на свабодзе ў новым статусе Саша Беларус прабыў менш за тыдзень. 18 мая яго затрымалі аператыўнікі ў Раменскім раёне Падмаскоўя. У яго было знойдзена і канфіскавана 3,24 г гераіну. Новаспечанаму злодзею ў законе свяціў тэрмін ад 3 да 10 гадоў, аднак суд прысудзіў яго за ўсё да 5 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пакаранне беларускі злодзей у законе адбываў у СІЗА горада Кірава і вызваліўся ў снежні 2011 года.

У лютым 2012 года беларускі аўтарытэт зноў быў затрыманы расійскімі паліцэйскімі, але ўжо за парушэнне рэжыму знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Яго абавязалі добраахвотна пакінуць Расію, але ён праігнараваў судовае рашэнне. 6 лістапада 2012 паліцэйскія затрымалі Кушнярова ў Маскве каля метро «Беларуская» і ў той жа дзень дэпартавалі на радзіму.

Крымінальны аўтарытэт абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынства па арт. 422 КК РБ («Ухіленне ад прэвентыўнага нагляду»). 15 сакавіка 2013 яго прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі.

За два мінулыя гады, пакуль Аляксандр Кушняроў сядзеў, у прафесійным крымінальным свеце адбыліся істотныя змены ў расстаноўцы сіл.

Няма больш «хроснага бацькі» Сашы Кушнера Дзеда Хасана: яго забілі 16 студзеня 2013 года ў Маскве. Прыхільнікі дзедавага клана пачалі разборкі і сталі высвятляць «хто самы галоўны».

«Ідэйныя» праціўнікі Кушнера беларускія «законнікі» Аляксандр Цімашэнка і Дзмітрый Галееў, яны ж — Цімоха і Галей, у снежні 2012 года выступілі ініцыятарамі «каранацыі» чатырох новых злодзеяў у законе. На сходцы ў Дубаі імі сталі Саша «Медзведзяня» Гомельскі, Алег Слуцкі (Муму), Паштэт Мінскі і Руслан «Лебедз»ь Барысаўскі. І гэтыя «браты», можна сказаць асірацелі. Цімоху застрэлілі 31 мая 2013 года ў Падмаскоўі, а Галей рашэннем суда Заводскага раёна Мінска ў сакавіку бягучага года атрымаў 11 гадоў строга рэжыму за вымагальніцтва. Пазней год яму «скасцілі» па амністыі, пакаранне ён адбывае ў Горках.

З «дубайской чацвёркі» на свабодзе застаецца адзін Руслан Лебедзь. Кажуць, ён зрабіў ваяж па Украіне, а затым перабраўся Заходнюю Еўропу. 40-гадовы Алег Герасімовіч, ён жа Муму, быў прысуджаны 21 ліпеня бягучага года Слуцкім раённым судом Мінскай вобласці да двух гадоў пазбаўлення волі за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду. Медзведзяня чакае суда ў Гомелі, а Паштэт знаходзіцца ў Пскове, дзе яму пагражае крымінальнае пакаранне за незаконнае знаходжанне на тэрыторыі Расіі.

На думку экспертаў расійскага агенцтва «Прайм Крайм», вызвалены Саша Кушнер «мае ўсе шанцы стаць аднаасобным крымінальным лідарам Беларусі, якім яго ў свой час і задумваў Дзед Хасан».

Сумнеўна, што такі шанец злодзею ў законе дадуць беларускія праваахоўнікі. Па некаторых звестках, незадоўга да вызвалення наўпрост у калоніі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю правялі з «законнікам» так званую прафілактычную гутарку. Прасцей кажучы, папярэдзілі…

***

У кастрычніку 2001 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яшчэ пяць гадоў таму «праз пэўных жулікаў» папярэдзіў крымінальных лідараў: «Не дай Бог недзе вы створыце абстаноўку крымінальную, я вам паадрываю ўсім галовы». І дадаў: «Быў выпадак, калі яны няправільна сябе павялі. Памятаеце вы гэтых шчаўлікаў і іншых. Дзе яны цяпер? Таму ў краіне парадак і ўсе задаволеныя». Злодзей у законе Шчаўлік, нагадаем, прапаў без вестак у Мінску ў снежні 1997 года.

Праз дзесяць гадоў, у красавіку 2011 года, у выступе з пасланнем беларускаму народу і парламенту Лукашэнка зноў успомніў пра бандытаў: «Я вам шчыра распавёў, што яшчэ 10 гадоў таму назад, што групоўкі, якія ў свой час з савецкіх штонікаў выраслі, сувязі ў іх былі вельмі цесныя з Масквой, мы іх вельмі хутка прыбралі да парадку. Той, хто не падпарадкаваўся, іх ужо і косткі згнілі. У нас не можа быць на крымінальнай аснове гэтых разборак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?