Пра хуткія спатканні (speed dating) раней я чула хіба што ў кіно. Героі, страціўшы надзею сустрэць сваю другую палову, плацяць за ўваход у кавярню, дзе па канвееру знаёмяцца за пяць хвілін з дзясяткамі такіх жа адзінокіх.

Арганізатары хуткіх спатканняў па-беларуску ставяць на мэце не проста звесці двух чалавек, але і аб’яднаць іх на глебе беларушчыны. Я вырашыла праверыць, ці атрымаецца ў мяне за пяць хвілін зачараваць хоць аднаго хлопца. 

Правілы гульні 

«Арт-сядзіба» ладзіць сустрэчы для беларускамоўных маладзёнаў у андэграўдным бары «ДК», што ў раёне парка Чалюскінцаў. Удзельнікі загадзя дасылаюць арганізатарам анкеты, дзе коратка распавядаюць пра сябе. І пасля каардынатары адбіраюць роўную колькасць дзяўчат і хлапцоў, якія прыходзяць на спатканні да прызначанага часу.

Размаўляць да стартавага сігнала ўдзельнікам забаронена. Па правілах яны таксама не могуць абменьвацца кантактамі. Ёсць толькі пяць хвілін, каб пазнаёміцца адзін з адным па коле. А пасля адзначыць у анкеце насупраць кожнага прозвішча «каханне», «сяброўства» ці «супраца». І калі ў пункце «каханне» два сэрцы супадуць, арганізатары паведамяць пра гэта ўдзельнікам. 

«Вядома, што пасля першага спаткання немагчыма казаць пра каханне. Але гэты пункт значыць, што чалавек вам вельмі спадабаўся і вы не супраць былі б працягнуць з ім знаёмства», — тлумачыць Алесь Снег, адзін з каардынатараў. 

Некаторыя стратэгі, дарэчы, на ўсялякі выпадак адзначаюць «каханне» насупраць кожнага імя: раптам хоць з адной дзяўчынай супадуць пачуцці. 

На першым speed dating супалі дзве пары, кажуць каардынатары мерапрыемства. У асноўным на спатканні прыходзяць студэнты і маладыя спецыялісты. Хтосьці валодае беларускай мовай дасканала, іншыя робяць толькі першыя крокі. 

Не ведаеш, што сказаць, або саромеешся нешта спытаць? Арганізатары падрыхтавалі кароткі спіс пытанняў і адказаў, якія можна выкарыстоўваць, як шпаргалку. 

Па статыстыцы на 10 дзяўчатаў… 

У прызначаны час заходжу ў памяшканне, дзе ледзь праглядваюцца сілуэты наведнікаў. Святло адмыслова прыглушанае, гучыць беларуская музыка. Злева на канапах па коле сядзяць дзяўчаты, справа — за столікамі хлопцы. Маладыя людзі сарамліва глядзяць то на гадзіннік, то ў мабільны тэлефон. 

Праз колькі хвілін становіцца зразумела, што дзяўчат прыйшло больш. І адна з удзельніц адзначае: «Ну, як заўсёды. Халера, куды не прыйдзеш, адныя дзеўкі! На этна-гурток хадзіла — цікава, весела, але хлапцоў зусім няма! І тут тое самае». 

Астатнія з разуменнем ківаюць галовамі. Але ў залю заходзяць яшчэ некалькі хлопцаў, якія спазніліся, і нас рассажваюць за сталамі. Дзяўчаты сядзяць на месцы, да іх па коле праз кожныя пяць хвілін падыходзіць новы хлапец. 

Адзначу, што я прыйшла на «спатканне» ў якасці эксперыменту, паколькі даўно замужам. Да пачатку мерапрыемства перажывала, што мяне можа нехта пазнаць. Беларускамоўная тусоўка — дастаткова вузкае кола, праз аднаго ўсе знаёмыя. Таму яшчэ на старце давялося прыхаваць шлюбны пярсцёнак. 

Журналістка, сцюардэса і танцорка: тры вобразы аднаго чалавека 

Першым да мяне падсажваецца высокі бландзін Ілля. Ён вельмі пазітыўна настроены. І бачна, што хоць і хвалюецца, да спаткання рыхтаваўся загадзя — пытанні гучаць адно за адным: «Чым займаешся? Што робіш у вольны час? Якую музыку слухаеш?» 

Ілля вучыцца ва ўніверсітэце на маркетолага, а ў вольны час грае на гітары. Яму падабаецца Вольскі, і час ад часу ён сам піша музыку. 

Даведаўшыся, што я ўжо не вучуся, а працую, асцярожна ўдакладняе, як даўно я скончыла ўніверсітэт. Пасля пытае, колькі год я вучылася. «Ілля, мне 25 год, — вырашаю адказаць прама. — У пытаннях пра ўзрост няма нічога заганнага». 

Але гучыць званок, і наша размова раптоўна сканчваецца. Я адзначаю плюсік у графе «сяброўства». 

Наступны удзельнік — Алекс. «Раней неяк было модна быць Алесем», — заўважаю я. «Цікавая ідэя, — адказвае ён. — Але па пашпарце я насамрэч Аляксандр». 

Чым займаецца Алекс, я так і не даведалася. Ён быў перакананы, што гэта інфармацыя мяне надзвычай спужае, таму кожны раз, калі я вярталася да гэтага пытання, Аляксандр пераводзіў размову на іншую тэму: «Ты так цікава апранутая! Ведаеш, калі б у мяне была дзяўчына, я б менавіта вось так яе і апрануў» або «У цябе на адным пальцы некалькі пярсцёнкаў! Вельмі прыгожа». 

Апроч таго, Алекс прапанаваў мне »бясплатны піяр», паколькі мадэруе адну з папулярных беларускамоўных груп у сацсетках. Я абяцала падумаць і паставіла плюсік у графе »супраца». 

Трэцім удзельнікам, з якім я пазнаёмілася, быў Павел. Ён адзіны, хто адразу працягнуў мне руку пры вітанні. І я паспела падгледзець, што ўсіх папярэдніх удзельніц ён пазначыў у графе »супраца». На спатканні хлапец апынуўся выпадкова. Ён працуе ў гэтым самым бары. І калі стала зразумела, што хлопцаў не хапае, вырашыўся таксама прыняць удзел. 

«Я граю на бас-гітары. І мару ў будучыні пра свой гурт. Ён абавязкова будзе, я збяру крутую каманду, якая будзе разумець мяне з паўслова». За час гэтай гутаркі я не сказала амаль што нічога. І было бачна, што Паўлу гэта спадабалася. У анкетах мы сінхронна адзначылі «супраца». 

Наступны хлапец, які падсеў да майго століка, мае жалезныя нервы. Некалькі год Стас адпрацаваў мадэратарам на папулярным сайце. «Мая праца залючалася ў тым, каб блакаваць парнуху, якую выстаўляюць у каментарах іншыя карыстальнікі». Але зараз хлопец займаецца музыкай, ён ды-джэй. Пытанняў да мяне ў Стаса не было. Здавалася, яму куды важней выгаварыцца самому і ўбачыць усмешку ў адказ. «Сяброўства», адзначыла я ў анкеце. 

Да пятага ўдзельніка я паспела заўважыць: як толькі я казала, што працую журналістам або вучуся на юрфаку, усмешка знікала з вуснаў суразмоўцаў. Таму ў якасці эксперыменту наступнаму ўдзельніку я вырашыла сказаць, што працую сцюардэсай. Гэта першая рамантычная прафесія, якая прыйшла мне ў галаву. 

«Ваў! Не можа быць!» — адрэагаваў мой новы знаёмы Дзіма. У гэты момант я пачала хвалявацца, хоць бы ён не быў звязаны з авіяцыяй і не пачаў задаваць мне вузкапрофільныя пытанні. 

«Я падаваў заяўку на працу бортправадніком, — адзначыў ён. — Але трэба трохі здароўе падцягнуць. Спадзяюся, хутка станем калегамі». 

Далей я паспрабавала ўзгадаць гісторыі сцюардэс, пачутыя ў аэрапорце. А Дзіма так захапіўся, што амаль нічога не расказаў пра сябе, апроч таго, што зараз працуе вядучым. 

Шостым хлапцом апынуўся Франак Вячорка — адзін з арганізатараў мерапрыемства. Мы не сталі правяраць адзін адну на заляцанні, а проста абмеркавалі апошнія навіны. 

Калі я пабачыла апошняга ўдзельніка, на імгненне у мяне адняло мову. Насупраць сядзеў добры знаёмы маёй лепшай сяброўкі, з якім яна ліставалася шмат год. Пра Андрэя я ведала ўсё — пачынаючы ад таго, пра што ён пісаў свае першыя вершы, сканчваючы тым, дзе ён зараз працуе. Наста знаёміла нас некалькі год таму. У гэты вечар хлопец мяне не пазнаў. А я вырашыла праверыць, ці сапраўды я добра памятаю ягоныя захапленні. 

«Хто твой любімы пісьменнік?» — запытаў ён. «Караткевіч, любімы твор — «Каласы пад сярпом тваім», — падыграла яму я. На твары Андрэя з’явілася прыемная ўсмешка. Узгадваючы, што ў дзяцінстве ён займаўся танцамі, я вырашыла сказаць, што вучуся ў інстытуце культуры і выкладаю для дзетак народныя танцы. І яшчэ адна ўсмешка ў адказ. Стваралася ўражанне, што ў нас аднолькавыя цікавасці, але я проста ведала слушныя адказы на большасць пытанняў. Андрэю я паставіла плюс у «сяброўства». І вельмі спадзяюся, ён даруе, што гэта быў журналісцкі эксперымент. 

Варта сказаць, што ў той вечар усе ўдзельнікі актыўна ўключаліся ў размову. На папярэдняй сустрэчы, па словах арганізатараў, адзін з хлапцоў амаль нічога не сказаў падчас спатканняў, але яго абрала адразу шэсць дзяўчат. Сакрэт свайго поспеху ён патлумачыў проста: «Ну трэба проста менш гаварыць і больш слухаць». 

Пяць з сямі хлапцоў адзначылі мяне ў графе «каханне» 

На наступны дзень арганізатары даслалі вынікі анкетавання. Са здзіўленнем даведалася, што плюс у графу «каханне» мне паставілі і тыя, каму я казала пра складаную вучобу на юрфаку, і тыя, для каго я запомнілася, як сцюардэса. Агульны вынік — пяць з сямі. 

У час, калі я хадзіла на спатканні, знайсці беларускамоўнага хлопца было надзвычай складана. У асноўным усе гуртаваліся вакол сядзібы БНФ. Нягледзячы на розныя палітычныя погляды, гэта было месца правядзення культурных імпрэзаў і грамадскіх дыскусій. Праблема была ў тым, што ў асноўным туды хадзілі адныя і тыя ж людзі. І іх было значна менш, чым сённяшніх беларускамоўных і тых, хто яшчэ робіць першыя крокі. 

Наіўна думаць, што падчас хуткіх спатканняў можна адразу закахацца. Але што вас чакае як мінімум — карысныя знаёмствы з аднадумцамі. Часам вельмі важна пабачыць, як шмат цікавых і разумных людзей побач.

Відэа з першай сустрэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?