Сёньня ўвечары ў сядзібе ўправы БНФ адбудзецца прэзэнтацыя поўнай дыскаграфіі студыйных альбомаў Данчыка — знакамітага беларускага сьпевака з ЗША

Раней гэтыя альбомы існавалі толькі на вінілавых плытках і даўно зрабіліся музычнымі рарытэтамі. У межах прэзэнтацыі будзе паказаны таксама фільм «Данчык» і рэдкія відэаматэрыялы зь ягонай творчай біяграфіі. Пра гэта паведаміў выдавец альбомаў Віталь Супрановіч.

Упершыню на дыску сьпевы Данчыка былі выдадзеныя ў Беларусі ў 2005 годзе. Гэта была пласьцінка «Я ад вас далёка», запісаная ў Нью‑Ёрку яшчэ 1985 годзе.

Летась «Беларускай музычнай альтэрнатывай», якой належыць ідэя гэтага праекту і яе ўвасабленьне, перавыдала на CD альбом 1992 году «Мы яшчэ сустрэнемся». І вось цяпер выдадзены адразу тры новыя дыскі знакамітага сьпевака.

«Яны выходзяць у сэрыі «Беларускі музычны архіў», — распавядае кіраўнік праекту Віталь Супрановіч. — Гэта дыскі «Беларусачка», сумесны з Барткевічам «Мы адной табе належым» і ўкраінскамоўны «Равесьнікі». Цяпер можна сказаць, што практычна ўсе альбомы Данчыка, якія былі раней, выйшлі на дысках. Да гэтага яны існавалі толькі на пласьцінках, і новыя людзі, якія цяпер слухаюць музыку на сучасных носьбітах, ня мелі такой магчымасьці».

У межах прэзэнтацыі адбудзецца сустрэча з сябрамі фан‑клюбу Данчыка, які існуе ў Беларусі ўжо амаль дваццаць гадоў. Будзе паказаны фільм «Данчык», які зьняты калісьці «Беларусьфільмам», але даўно ўжо не дэманструецца. А яшчэ спадар Супрановіч абяцае прагляд рарытэтных відэазапісаў:

«Нам Данчык перадаў шмат гадзін сваіх архіўных запісаў. Там ёсьць ягоныя самыя першыя інтэрвію і тое, як ён сюды прыяжджаў, ягоныя першыя канцэрты, першыя сустрэчы тут, у Беларусі. Штосьці з гэтага мы выберам самае цікавае і пакажам».

На сёньняшняй вечарыне, якая пачнецца а 18‑й гадзіне ў сядзібе Ўправы БНФ у Менску, будуць прэзэнтаваныя ўсе пяць дыскаў студыйных альбомаў Данчыка. Якія, дарэчы, можна будзе тут і набыць.

Існуе яшчэ шосты канцэртны альбом знакамітага сьпевака — «Калядныя песьні». Гэта запіс шматмоўных калядак, зроблены на канцэртах Данчыка ў Беларусі і ў ягонай нью‑ёркскай кватэры. Выданьне яго на CD плянуецца «Беларускай музычнай альтэрнатывай» у наступным годзе.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0