Вядучы вытворца мабільных тэлефонаў ручной зборкі клясы «люкс» кампанія «Vertu» аб’явіла пра пачатак працы на беларускім рынку. Паводле слоў прадстаўніка кампаніі, штуршком да выхаду на рынак паслужыў эканамічны рост ў краіне.

Сёньня прадукцыя кампаніі рэалізуецца толькі праз адзінага беларускага дылера. Але ўжо вясной 2008 году ў Менску плянуецца адкрыцьцё фірмовага буціка «Vertu» (на сайце кампаніі ўжо пазначаны адрас: пл. Свабоды, 23 — НН).

Цана на такія эксклюзіўныя апараты вагаецца ад 4600 да 270 000 эўраў. Таму ня дзіва, што ў журналістаў паўстала пытаньне пра колькасьць беларусаў, якія могуць дазволіць сабе набыць такую раскошу.

Генэральны дырэктар «Wital», эксклюзіўнага дыстрыбутара «Vertu» ў Расеі й краінах СНД, Хардзі Шнайдэр заявіў, што ў Беларусі налічваецца 100 тысяч заможных грамадзян. «Гэтыя зьвесткі нам перадаў «Дойчэ банк». Апроч таго, для нас праводзяцца спэцыяльныя дасьледаваньні ў розных краінах», — сказаў сп.Шнайдэр.

Прадстаўнікі кампаніі адзначылі, што «будзе вельмі добра, калі за год удасца рэалізаваць у Беларусі 1000 мабільнікаў «Vertu».

TUT.BY

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0