Валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі за 10 месяцаў гэтага года павялічылася на 1,8% у дачыненні да студзеня—кастрычніка 2013 года. Пра гэта паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін.

Што да прадукцыі раслінаводства, то, зазначыў ён, сёлета атрыманы найвышэйшы ўраджай за ўсе мінулыя гады.

«Мы атрымалі 10 млн. 260 тыс. тон. Гэта больш за адну тону на чалавека. Такога высокага выніку ў нас ніколі не было»,

— сказаў Седзін, дадаўшы, што гэта дазволіць забяспечыць Беларусь харчаваннем і фуражнымі рэсурсамі ў поўным аб'ёме. 

Апрача таго, па выніках 10 месяцаў гэтага года валавая вытворчасць малака павялічылася на 1,8% у параўнанні са студзенем—кастрычнікам 2013 года. 

«Крышку менш мы атрымалі выхад мяса. З-за афрыканскай чумы свіней мы знізілі пагалоўе на 18%. Гэта адбілася на вытворчасці мясной прадукцыі»,

— зазначыў Седзін. Да ўспышкі АЧС у Беларусі налічвалася 3,304 млн. свіней. У наступным годзе Мінсельгасхарч плануе аднавіць пагалоўе, якое было да АЧС. Для гэтага ў Беларусі будуюцца некалькі сучасных свінакомплексаў.

Між тым, паводле слоў Седзіна, пагалоўе кароў за 10 месяцаў павялічылася больш чым на 2% да леташняга ўзроўню і склала 1 млн. 380 тыс. галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?