Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала заяўку ў Балонскі сакратарыят аб уваходжанні ў Балонскі працэс і далучэнні да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА), паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. 

Паводле яго слоў, канферэнцыя міністраў адукацыі краін, якія падпісалі Балонскую дэкларацыю, адбудзецца ў маі 2015 года і на ёй можа быць разгледжана беларускае пытанне. 

Нагадаем, гэта ўжо другая спроба Беларусі ўступіць у Балонскі працэс. Першую заяўку планавалася разгледзець у красавіку 2012 года на саміце міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Аднак на пасяджэнні Балонскай рабочай групы, на якім абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі саміта, было прынята рашэнне зняць заяўку Беларусі з парадку дня. Прычына ў тым, што Беларусь не выконвае прынцыпы Балонскага працэсу, такія як акадэмічная воля, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй. 

Адказваючы на пытанне БелаПАН, што змянілася ў сістэме вышэйшай адукацыі з 2012 года, Богуш сказаў, што працэс, звязаны з мадэрнізацыяй адукацыі, пераўтварэннямі, ідзе даўно. Адбываюцца інстытуцыйныя, структурныя і змястоўныя змены. Так,

уведзена дыферэнцыяцыя тэрмінаў падрыхтоўкі на першай ступеньцы адукацыі ад чатырох да пяці гадоў. Магістратура выдзелена ў асобную ступеньку падрыхтоўкі, ёсць інтэграваныя праграмы па асабліва складаных спецыяльнасцях, навучанне па якіх на выхадзе дае кваліфікацыю на ўзроўні магістра. 

Кажучы пра акадэмічныя свабоды, аўтаноміі і студэнцкі удзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй, Богуш зазначыў, што «студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах Беларусі прамое, гэта закладзена ў менеджменце ВНУ». «У кожным савеце ўніверсітэта студэнты прысутнічаюць з правам голасу — вырашальнага, не дарадчага, — сказаў Богуш. — Усе студэнцкія ініцыятывы ўлічваюцца пры прыняцці рашэнняў. Акрамя таго новыя падыходы дазваляюць студэнту больш гнутка выбудоўваць працэс навучання, выбіраючы тыя ці іншыя курсы. Гэта датычыцца і сацыяльна-гуманітарнага блока, і спецыяльных дысцыплін». Такім чынам навучальны працэс становіцца індывідуалізаваным, а выпускнік можа максімальна рэалізаваць свой патэнцыял у нацыянальнай эканоміцы. 

Разам з тым маніторынг парушэнняў акадэмічных свабод, які праводзіць Грамадскі Балонскі камітэт і маладзёжная прафсаюзная група «Студэнцкая рада», канстатуе невыкананне прапісанай на заканадаўчым узроўні квоты — 25% студэнтаў у складзе рады ВНУ. Паводле даных маніторынгу, у БДУ, напрыклад, сярод 90 членаў савета толькі 10 студэнтаў, а ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя Сахарава — адзін студэнт з 37 членаў савета. 

На гэты конт Богуш сказаў, што «студэнты маюць магчымасць праз свайго паўнамоцнага прадстаўніка вылучаць любыя ініцыятывы». «Я не сутыкаўся з сітуацыямі, — адзначыў намеснік міністра, — калі афіцыйна вылучаныя студэнцкія ініцыятывы не разглядаліся б адпаведным чынам». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?