Адбылося чарговае пасяджэнне Каардынацыйнага камітэту Еўрапейскай кааліцыі. Напачатку пасяджэння было заслухана паведамленне Паўла Севярынца аб візіце дэлегацыі АДС у ЗША. Сябры Каардынацыйнага камітэта таксама ўдакладнілі сваю пазіцыю адносна парламенцкіх выбараў наступнага году. Яны лічаць, што дэмакратычныя сілы могуць узяць ўдзел у выбарах толькі пры выкананні наступных умоваў:

вызваленне палітвязняў;

уключэнне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмсіл;

скасаванне папярэдняга галасавання;

забяспячэнне для назіральнікаў права кантраляваць сумленнасць падліку галасоў.

Сябры Каардынацыйнага камітэта таксама лічаць, што калі дэмакратычныя сілы ўсё ж прымуць рашэнне аб удзеле ў выбарах, то іх супольная выбарчая платформа павінна грунтавацца на прапановах інтэграцыі Беларусі ў склад ЕС. Калі ж АДС адмовяцца ад агітацыі за еўраінтэграцыю на выбарах, то Еўрапейская кааліцыя будзе вымушана ініцыяваць стварэнне выбарчага спіса кандыдатаў еўрапейскай скіраванасці. Каардынацыйны камітэт даручыў Уладзіміру Навасяду і Паўлу Севярынцу давесці гэтую сваю пазіцыю да кіруючых структур АДС.

Каардыныцыйны камітэт таксама падтрымаў прапанову Прэзідыўму Народнай Грамады, выкладзеную Мікалаем Статкевічам, аб скліканні вясной наступнага года Форуму еўрапейскіх сіл Беларусі. Таксама камітэт пагадзіўся з прапановай аб падрыхтоўцы разам з іншымі еўрапейскімі сіламі агульнанацыянальнай еўрапейскай кампаніі.

Каардынацыйны камітэт выказаў сваю салідарнасць з палітвязнем Артурам Фінкевічам, які паўторна прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?