Сёння ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі гомельскага актывіста Юрыя Рубцова на прысуд суда Савецкага раёна Мінска ад 6 кастрычніка.

Старшынёй судовай камісіі была суддзя Мінскага гарадскога суда Людміла Шапашнікава. Як і на папярэдніх працэсах, у судовую залу запускалі толькі пасля вельмі стараннага вобшуку і толькі праз рамку металашукальніка.

Перад уваходам дзяжурылі некалькі чалавек у спартовым адзенні і без апазнавальных знакаў. Пасля працэсу яны пільна назіралі за журналістамі, яікя бралі інтэрв'ю ў Рубцова.

На судзе прысутнічалі два чалавекі, якія прадставіліся назіральнікамі ад пасольства ЗША ў Беларусі, аднак яны сышлі, не дачакаўшыся заканчэння працэсу.

Рубцоў заявіў суддзі, што не згодны з рашэннем суда Савецкага раёна, выказаў недавер судовай сістэме і заявіў адвод судовай камісіі, які не быў задаволены.

«Судовая сістэма Беларусі не адпавядае канстытуцыі, бо цалкам залежыць ад волі выканаўчай улады.

Суддзі прызначаюцца адным чалавекам і цалкам залежаць ад яго. А будаўніцтва арэнднага жылля, якое будзе давацца ў першую чаргу і суддзям, стане крокам да абсалютнага закабалення суддзяў», — сказаў Рубцоў падчас свайго выступу.

Адвакатка Рубцова заявіла, што сукупнасці сабраных доказаў было недастаткова для вынясення прысуду.

Яна таксама сказала, факт прысуджэння максімальна магчымага тэрміну яе падабароннаму, які раней не быў судзімы і мае станоўчыя характарыстыкі, кажа пра тое, што мэтаю суда было зусім не перавыхаванне Рубцова. Яна папрасіла суд пераглядзець прысуджаны тэрмін зняволення у выпадку, калі прысуд не будзе скасаваны.

Аднак судовая камісія вырашыла пакінуць прысуд ранейшым: паўтара года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (г.зв. «хіміі»).

Сам Рубцоў упэўнены, што яго прысуд такі суровы, бо ён закрануў табуяваную тэму для суддзяў — падробку судовых пратаколаў для вынясення «правільнага» прысуду:

«На апазіцыйных акцыях супрацоўнікі спецслужбаў запісваюць і здымаюць усіх і ўсё. Але падчас судовых паседжанняў у нас чамусьці не вядзецца аўдыязапіс, хоць для гэтага ёсць усе магчымасці. Такім чынам у пратаколе можна запісаць толькі тое, што трэба».

Паводле версіі абвінавачвання, Рубцоў абразіў суддзю Кірылу Палулеха, які яго судзіў пасля затрымання на акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?