Галодных гульняў больш не будзе. У серыі фільмаў з Джэніфер Лоўрэнс у галоўнай ролі адбыўся рэзкі пералом — як сюжэтны, так і жанравы. З 20 лістапада ў беларускіх кінатэатрах «Галодныя гульні. Сойка-перасмешніца, частка 1».

Пераможца крывавых Галодных гульняў Кітніс сваёй гуманнасцю і прагай жыцця кінула пальчатку ў твар дыктатару постапакаліптычнага свету Панэма. Яна абрала смерць замест таго, каб забіваць свайго паплечніка Піта — але ў Гульнях павінен быць пераможца, таму распараджальнікі пакінулі жыццё і ёй, і Піту.

 

У помсту за тое іх разам з пераможцамі папярэдніх Гульняў выклікалі на квартальныя Галодныя гульні: выжыць мусіў толькі адзін. Але Кітніс знайшла выйсце і разбурыла купал над Арэнай. Як высветлілася, у краіне даўно рыхтавалася рэвалюцыя — паўстанцы ўратавалі дзяўчыну, а ў краіне пачалося паўстанне.

 

Усё гэта ведаюць тыя, хто глядзеў папярэднія два фільмы альбо чытаў раман-бестсэлер С’юзан Колінз. Толькі аўтары фільма палічылі неабавязковым нагадваць гледачу, дзе ён.

Стужка пачынаецца з таго, што Кітніс прачынаецца ў лякарні Дыстрыкта 13 — падземным бункеры пад разбуранай бамбёжкай часткай Панэма, якая 75 год таму падняла першае паўстанне.

Аматарам фільма «Галодня гульні» на «Сойцы» хутчэй за ўсё будзе сумна. Саміх Галодных гульняў, змагання за жыццё ў асяроддзі забойцаў паняволі ў фільме не будзе.

142 хвіліны «Сойкі» — павольнае, але напружанае апавяданне пра рэвалюцыю як медыяпрадукт.

Новы яскравы персанаж серыі, прэзідэнт мілітарыстычнага Дыстрыкта 13 Альма Койн у выкананні Джуліяны Мур,

прагматычна разлічвае, што вобраз Кітніс натхніць усю краіну на паўстанне супраць дыктатуры. Няма нічога благога ў тым, каб прыхаваць стомленую і перапужаную дзяўчынку ад вайны ды пару раз паставіць яе перад камерай.

Фільм «прасядае» на першых жа хвілінах.

«Я не хачу нічога вырашаць, я хачу Піта», — па-дзіцячаму ўпіраецца Кітніс. Хаця роля ахвяры ва ўсіх на вачах акторцы Джэніфер Лоўрэнс, знаёмая праз уцечкі яе інтымных фота ў рэальным жыцці, для пераканаўчай злобы і апатыі ёй усё-ж патрэбны экшн. У яе выдатна атрымлівалася нязломная Кітніс у першых дзвюх «Гульнях», але ў размоўным трылеры яна выглядае трошкі камічна ў сваіх перападах ад абыякавасці да гераізму.

Кітніс разумее, што яе выкарыстоўваюць як зброю ў інфармацыйнай вайне і дае на тое згоду, калі паўстанцы выратуюць захопленых Капітоліем удзельнікаў апошніх Гульняў. Пры наведванні разбураных дыстрыктаў яна ўпадае ў ступар ці агрэсію, але нібы зусім не заўважае камераў, накіраваных на яе. Рэжысёрам прапагандыскіх ролікаў тое і трэба, а вось у гледача ўзнікаюць сумневы.

Сябры Кітніс выглядаюць нават горш.

Суправаждальніца Эфі (Элізабэт Бэнкс), вымушаная адмовіцца ад раскошы Капітолія ў бункеры, і настаўнік Хэйміч (Вуды Харэльсан), якому прыйшлося кінуць піць праз адсутнасць у мілітарыстаў алкаголю, атрымалі выключна камедыйныя ролі ды згубілі свае галоўныя прывабныя для гледача рысы.

Найбольш пераканаўча глядзіцца стратэг Плутарх у выкананні Філіпа Хофмана. Актор не дае засумнявацца, што яго герой хітрыць і робіць усё толькі дзеля дасягнення сваіх мэтаў — добра, што гэтыя мэты супадаюць з мэтамі паўстанцаў. Шкада толькі, што актор не дажыў да завяршэння здымак. Затое памер па-галівудску — ад перадазіроўкі сумесі гераіну, какаіну, амфетаміну і бензадыязепіну. Тыя кадры, у якіх ён не паспеў зняцца, дапрацаваныя камп’ютэрнай анімацыяй. 

Значна цікавей у фільме выглядае Піт, захоплены ў палон дыктатарам паплечнік Кітніс у выкананні Джоша Хатчэрсана. У першых двух фільмах яго герой нібы прыйшоў з вампірскай сагі «Сутонне», ён выглядаў хліпкім баластам, а ў любоўным трохвугольніку з Кітніс і яе сябрам Гейлам (Ліям Хемсворт) выйграваў у апошняга толькі за кошт абставін. У «Сойцы» яму таксама дасталася роля ахвяры, але роля больш складаная — ці тое хітрага здрадніка, ці тое здрадніка толькі праз катаванні, ці тое…

Тым, хто не чытаў раманы, будзе насамрэч цікава даведацца, кім Піта зрабілі ў Капітоліі. Фінал першай часткі «Сойкі» атрымаўся дынамічным і эмацыйным, па-сапраўднаму страшным.

Толькі што рабіць больш за дзве гадзіны да яго — пытаннечка. За ўвесь фільм Кітніс толькі раз скарыстаецца лукам па баявым прызначэнні. За ўвесь фільм будзе толькі адна працяглая напружаная сцэна — бамбардыроўка сховішча, адзнятая, па праўдзе, вельмі і вельмі якасна.

Можна толькі дзівіцца таму, як у звышпаспяховага рэжысёра папярэдніх «Гульняў» (а таксама «Канстантына» і «Я — легенда») Фрэнсіса Лоўрэнса атрымалася настолькі ўпарта ўсыпляць мэтавую аўдыторыю. Відаць, у яго не было выбару: трэці і апошні раман С’юзан Колінз выразна разбіты на «размовы» і «экшн» у роўных долях, а індустрыя патрабуе, як тое цяпер модна, разбіць апошнюю частку эпапеі на два фільмы.

З іншага боку, «гутарковы трылер» у яго атрымаўся неблагі.

Не геніяльны, з дзівосамі ў гульні актораў, але выдатнай атмасферай напружанасці і дэкарацыях то Fallout 3, то Half-Life 2. Яшчэ не Хічкок, але ўжо не «пра дыктатуру для самых маленькіх» у жанры survival horror. Калі ўжо працягваць аналогіі з відэагульнямі, найбольш «Сойка» спадабаецца аматарам «гутарковага экшну» Mass Effect.

Цяжэй за ўсіх прыйдзецца піяршчыкам — роўна праз год выйдзе «Сойка-перасмешніца, частка 2». Як пераканаць гледачоў, што пасля «нудзяціны» будзе многа стральбы і выбухаў?

Як не расчараваць тых, хто чакае развіцця унутранага свету герояў, а вымушаны будзе пайсці на маштабны баевік? Можна хіба пасадзіць на крэсла рэжысёра Майкла Бэя, спецыяліста па баталіях і разбурэннях. Тады прынамсі можна зацікавіць аўдыторыю «Трансформераў», бо вялікую частку аўдыторыі «Галодных гульняў» першая частка «Сойкі» расчаруе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?