Сітуацыя ва Украіне прымусіць Аляксандра Лукашэнку перагледзець курс ваеннай палітыкі Беларусі і прызначыць на пасаду міністра абароны чалавека «з больш сучасным тыпам мыслення».

Такую думку выказаў ваенны эксперт Аляксандр Алесін, каментуючы адстаўку міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна. 

На думку Алесіна, адстаўка 60-гадовага кіраўніка абароннага ведамства яўна сведчыць аб намеры Лукашэнкі «змяніць курс у ваенным будаўніцтве».

«Развіццё падзей ва Украіне паказвае, што армію трэба мадэрнізаваць, прычым, як паказвае час, адкладваць гэту працу нельга. Былы міністр абароны, вядома, быў спраўным служакам і сумленным салдатам, але ў гэтым плане ён ініцыятывы не праяўляў»,

— зазначыў эксперт. 

Паводле яго слоў, пры Жадобіне мела месца «стабільнае, умеранае развіццё ваеннай галіны» Беларусі. «Рэалізоўваліся планы, прынятыя яго папярэднікам Леанідам Мальцавым. Стала праводзіцца больш буйных вучэнняў — тыя ж стрэльбы на расійскім палігоне Ашулук. Словам, пры ім баявая вучоба ішла, і нават была дастаткова напружанай», — падкрэсліў Алесін.

Але ў цяперашняй сітуацыі, мяркуе ён, кіраўніку дзяржавы ад міністра абароны патрабуецца стратэгічнае бачанне і ацэнка сітуацыі ў рэгіёне, вызначэнне арыенціраў, па якіх будзе рухацца ваенная палітыка Беларусі, «будзе патрэбны чалавек з шырокім кругаглядам, каб думаў па-сучаснаму». 

На думку эксперта, новаму міністру абароны давядзецца выконваць задачы, якія Лукашэнка паставіў перад ваенна-прамысловым комплексам, а іменна: пераўзброіць армію ў паскораным тэмпе з выкарыстаннем тых нямногіх рэсурсаў, якія маюцца ў Беларусі. 

Самым верагодным кандыдатам на пасаду міністра абароны Алесіну бачыцца 49-гадовы начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў.

«Улічваючы, што Белаконеў камандаваў сіламі спецыяльных аперацый, а зараз прэзідэнт аддае прыярытэт развіццю менавіта ССА, ёсць вялікая верагоднасць таго, што менавіта ён стане новым міністрам абароны», — прагназуе ваенны эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?