Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу паводле абвінавачання 45-гадовай жанчыны ва ўчыненні замаху на забойства, наўмыснага забойства і іншых цяжкіх злачынстваў. 

Як паведаміў старшы памочнік пракурора Гомельскай вобласці Надзея Самусева, абвінавачаная нідзе не працуе, не мае пэўнага месца жыхарства, раней неаднаразова судзімая. Спачатку яна завалодала банкаўскай карткай, што належыць знаёмай, якая часова пасяліла яе ў сваёй кватэры, і, даведаўшыся пін-код, у лютым 2014 года неаднаразова выкрадала грошы праз банкаматы Гомеля. Яна нанесла шкоду пацярпелай на 1,7 млн. рублёў. 

На рахунку абвінавачанай і іншыя злачынствы, у тым ліку асабліва цяжкія. Так,

у кватэры жыхара Гомеля пасля сумеснага распівання спіртнога яна нанесла яму раны кухонным нажом, адкрыла гарэлкі газавай пліты, каб выклікаць выбух і пажар, замкнула ўваходныя дзверы кватэры звонку на замок і ўцякла, выкраўшы 1 млн. рублёў.

Мужчына, калі апрытомнеў, паспеў закрыць гарэлкі пліты і праветрыў памяшканне, прадухіліўшы выбух газу. 

Праз некалькі дзён жанчына з мэтай завалодання маёмасцю ўчыніла наўмыснае забойства яшчэ аднаго мужчыны ў яго кватэры, нанесла яму колюча-рэжучым прадметам мноства ўдараў у жыццёва важныя органы, ад чаго той памёр на месцы здарэння. 

«Наносячы шматлікія ўдары нажом, абвінавачаная не магла не ўсведамляць, што дастаўляе пацярпеламу асаблівыя пакуты. Пасля ўчынення забойства яна выкрала і вынесла з кватэры імпартны тэлевізар коштам звыш 4 млн. рублёў», — зазначыла Самусева. 

Раней, у 2011 годзе, за ўчыненне ў гэтай жа кватэры рабавання з прымяненнем гвалту, не небяспечнага для жыцця ці здароўя пацярпелага, жанчына была асуджаная на тры гады пазбаўлення волі. 

У выніку расследавання крымінальнай справы жанчыне выстаўленае абвінавачванне ў крадзяжы грошай шляхам несанкцыянаванага доступу ў камп`ютарныя сістэмы банкаматаў, а таксама ў замаху на наўмыснае забойства агульнанебяспечным спосабам, наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам, тайным выкраданні грашовых сродкаў і наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця з асаблівай жорсткасцю, звязаным з разбоем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?