Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы даручыў праверыць факты самавольнага заняцця зямель пад Мінскам. Такое даручэнне ён даў сёння на пасяджэнні Мінаблвыканкама, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за дзевяць месяцаў бягучага года.

«Трэба навесці парадак на тэрыторыі вакол Мінска. Пачалі разбірацца з рознымі службамі — усе ківаюць адзін на аднаго. Прыклады — самавольны захоп участка, самавольнае будаўніцтва. Выкапалі канал, пабудавалі прыстань, і ніхто гэтага не бачыць»,

— падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Міхаіл Русы акцэнтаваў увагу, што аператыўнае вырашэнне гэтага пытання, а таксама іншых праблем рэгіёна будзе залежаць ад узроўню выканальніцкай дысцыпліны і адказнасці кіруючых кадраў рэгіёна. Так, у гэтым плане цяпер ёсць прэтэнзіі да мяса-малочнай галіны.

«Там, дзе кіраўнік працуе ў патрэбным рэчышчы, няма праблем ні з чым. Лічу, што тая сістэма работы, якая выбудавана ў Мінскай вобласці, дасць магчымасць вырашыць усе пытанні, і ўрад гатовы ў гэтым дапамагчы. Кадры ў рэгіёне ёсць, з імі трэба працаваць, не баяцца прыходу маладых. Упэўнены, што пастаўленыя на 2015 год задачы вобласць выканае»,

— сказаў ён.

Закранаючы тэму экспарту прадукцыі ў Расію, Міхаіл Русы адзначыў: «Так, сёння ёсць пытанні наконт курса расійскага рубля. Але пры гэтым продажы ідуць, трэба варушыцца і актыўна займацца пастаўкамі». Ён акцэнтаваў увагу, што прадпрыемствы пры выпуску прадукцыі павінны ў першую чаргу звяртаць увагу на яе запатрабаванасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?