Мяне завуць Сяргей, мне 34 гады. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, працую вядучым інжынерам-праграмістам, не п'ю і не куру.

Я быў студэнтам, марыў пра моцную сям'ю і каханне, як, напэўна, мараць многія. Шукаў сваю адзіную, і сустрэў яе ў аўтобусе. Дзяўчыну звалі Марына (імя зменена). Яна заваявала мяне сваёй непрыступнасцю… У гутарках Марына пастаянна паўтарала, што ў яе ёсць хлопец, яны разам ужо 4 гады, яна кахае яго і збіраецца замуж. Калі Марына пазнаёмілася са мной бліжэй — яна зацікавілася. У нас закруцілася… Гэта была плыня пачуццяў і эмоцый з майго боку і проста адказ з яе боку.

Яна кінула свайго хлопца, ён ёй тэлефанаваў, казаў, што скончыць жыццё самагубствам. Некалькі месяцаў мы сустракаліся, і потым яна раптам вырашыла вярнуцца да яго. Я прымусіў яе падумаць. Як аказалася, гэты хлопец ёй здраджваў, яна ведала, даравала, а потым хацела яму адпомсціць. Цяпер я ўсведамляю, што калі ад цябе ўжо раз сышлі, то сыдуць і яшчэ раз. Сяброўка дапамагла мне выклікаць пачуцце суперніцтва і рэўнасці ў Марыне, і ў выніку скончылася тым, што мы вырашылі жыць разам.

Потым я пайшоў працаваць па размеркаванні ў свой пасёлак, Марыне яшчэ трэ' было вучыцца. Мы распісаліся паспешліва, каб яе размеркавалі ў маю мясцовасць, пазней было вянчанне. Марына сказала: «Я буду галоўная ў сям'і, я буду камандзір». І стала камандаваць.

Марына працавала ў школе, ёй адразу надакучыла, і яна прапанавала: «Давай зробім дзіця, каб я не хадзіла на працу». Толькі потым я зразумеў, што гэта не тыя словы.

Кожнае УГД было ў абласным цэнтры платным, роды платнымі — я ўсё стараўся зрабіць для свайго сына. Я працаваў, але купаў сына, укладваў спаць, дзяжурыў ля ложка праз ноч, яна ж адпачывала і абавязкова спала днём. Яна жыла па прынцыпе: заробак мужа — гэта бюджэт сям'і, мая зарплата — гэта толькі мае грошы. Я спачатку лічыў, што так і павінна быць…

Праз некалькі гадоў мы пабудавалі трохпакаёвую кватэру, атрымаўшы льготны крэдыт. Грашыма дапамагла мая мама, прадаўшы сваю аднапакаёўку.

Я люблю гатаваць есці і шмат гатаваў, дапамагаў прыбіраць дома, вешаць і здымаць бялізну пасля мыцця… Хадзіў з сынам на двор, ездзіў на дачу, вучыў шахматам, беларускай і англійскай мовам. Марына сказала, што не хоча выходзіць на працу ў школу. Я дапамог ёй уладкавацца бухгалтарам у кааператыў, напісаў праграмы, працаваў паўгода за яе, вучыў яе працаваць. Што яшчэ трэба жанчыне: машына, кватэра, добрая зарплата ў мужа, адпачынак. Гэтага аказалася мала…

Марыне стала сумна, яна стала вывучаць нямецкую мову з нейкім мужчынам па інтэрнэце. Казала, што трэба пераязджаць у Нямеччыну, але я не хацеў з'язджаць са сваёй краіны. Пайшлі праблемы ў інтымным плане і шантаж. Яна пагражала з'ехаць адна, пагражала падаць на развод. Я ішоў на ўсе саступкі. Але гэта не дапамагло.

Марына хацела адпачыць на моры, у Балгарыі. Яна паехала разам з сынам, мяне не адпусцілі з працы. Я ўлез у даўгі, але ўсё аплаціў. Гэтая паездка і змяніла наша жыццё. Там яна здрадзіла мне ў мой дзень нараджэння. Пакідала дзіця адно і сыходзіла па начах, сын распавёў пра гэта, яму ўжо было 6 гадоў. Марына завяла сабе яшчэ аднаго каханка, а мяне стала выганяць з хаты да іншай жанчыны. Яна падала на развод, сказала, што яе новы палюбоўнік будзе выхоўваць сына, а мяне яна пазбавіць бацькоўства. Я не вытрымаў і сышоў жыць да бацькоў.

Мы дамовіліся, што да разводу інтымных адносін ні ў кога не будзе, яна абяцала падумаць аб вяртанні ў сям'ю. Я даваў аліменты добраахвотна, з умовай іх траты на дзіця. Аліменты ў 2 разы былі большыя за яе заробак. У яе не хапала грошай, яна прывыкла жыць на шырокую нагу, набрала ў доўг вопратку і касметыку. У выніку яна падала на аліменты. Суддзя пасмяяўся з яе ў судзе, але аліменты прызначыў, таму што сын жыў з ёй, а я жыў у бацькоў. Я ніколі не імкнуўся адабраць дзіця і не гаварыў яму, што мама дрэнная. Ён сам ведаў, што мама сыходзіла па начах, пакідала яго.

Марына вырашыла пераехаць да каханка, але аказалася, што яму не патрэбныя сур'ёзныя адносіны. Тут яна і паклікала мяне жыць назад, але толькі, каб дапамагчы. Я вярнуўся, але ў асобны пакой.

Мы вырашылі развесціся, але жыць далей разам, а там — як жыццё пакажа. Я гатовы быў жыць далей дзеля дзіцяці і дараваць ёй усё, з надзеяй, што яна зменіцца. З маёмасцi я папрасіў пакінуць сабе ложак і сценку, усё астатняе ёй. Грошы ад прададзенай машыны я аддаў Марыне, а кватэру аформілі на мяне, але я паабяцаў, што падару кватэру сыну, калі выплачу крэдыт. А калі б у нас не склалася, прасіў не судзіцца за дзіця, даваць мне з ім бачыцца. У выніку мы развяліся.

Тым часам Марына зарэгістравалася на сайце знаёмстваў і стала сустракацца з мужчынамі. Я пераехаў да сябра і пачаў сустракацца з дзяўчынай.

Мая новая дзяўчына моцна аступілася ў шлюбе, ад якога ў яе было аднагадовае дзіця.

У нас закруціліся адносіны, мы з Насцяй (імя я таксама змяніў) сталі жыць разам, яе сын пачаў зваць мяне татам.

Яго біялагічны бацька ад яго адмовіўся ў натарыуса, не плаціў аліменты. Я стаў яго ўтрымліваць і выхоўваць. Але і актыўна ўдзельнічаў у выхаванні свайго сына, забіраў са школы кожны дзень, браў у паездкі па выхадных.

Па нашай дамоўленасці Марына павінна была пісаць мне распіскі аб атрыманых аліментах, але аднойчы яна адмовілася, стала біць, парвала на мне майку, кідалася з нажом. Пазней на судзе яна сама сказала, што я яе ні разу не ўдарыў. Але ў выніку – мне далі штраф 2,5 мільёна, а ёй толькі 1 мільён. Вось такая «справядлівасць суда», пасля якой я наогул без сведкаў у сваю кватэру не прыходзіў.

Сыну надакучылі скандалы мамы, ён захацеў жыць у мяне і пацвердзіў гэта перад міліцыяй. Ён жыў у нас з Насцяй 3 месяцы, перастаў хварэць, пачаў хадзіць на танцы, адпачываў са мной у санаторыі, катаўся на лыжах і санках, папрасіў спаць усім разам у адным пакоі, Насцінага сына стаў называць сам брацікам… Са згоды сына мы падалі заяву, каб распісацца.

Калі ў мяне памёр дзядзька, я пакінуў сына з Марынай на 3 дні. Праз некалькі дзён сын, гледзячы мне ў вочы, адрокся мяне і сышоў да мамы… Дзіця проста рабіла тое, чаму яго падвучыла мама.

Потым былі суды. Шлюбную дамову, якую мы падпісалі перад разводам, прызналі неадпаведнай асновам сямейнага заканадаўства. Суддзя і пракурор патрабавалі купіць двухпакаёвую кватэру былой жонцы.

Марына нахабна хлусіла, што менавіта я хацеў развесціся з ёй, а яна не гуляла. У рашэнні суда было паказана, што «няма падстаў не давяраць яе словам»…

Потым быў суд аб выездзе дзіцяці за межы рэспублікі. Я не хацеў адпускаць сына з Марынай і яе сужыцелем у Крым, дзе была напружаная сітуацыя. Я прайграў. Марына пагражала ў судзе, што яна дасць бачыцца з дзіцем толькі дзве нядзелі на месяц без начоўкі.

Марына стала жыць з мужчынам. Са сваёй жонкай Настай і яе сынам я вярнуўся жыць у кватэру, навошта жыллю пуставаць. Потым Марына спецыяльна вярнулася жыць у кватэру, каб скандаліць і не даць мне жыць. Я ставіў замкі, і мы замыкаліся ад яе. Выклікі міліцыі былі кожны дзень. Было шмат адміністрацыйных судоў, але пакаралі яе толькі адзін раз за абразы на мой адрас у прысутнасці дзіцяці. Мой сын сам хаваўся і зачыняўся ад мамы не раз.

Аднойчы Марына неспадзявана падрапала сына, я вывеў яе за дзверы да прыезду міліцыі. А потым яна падала ў суд, што гэта не яна, а мая жонка нібыта наўмысна падрапала яго! Сын казаў, што яго не магла мама падрапаць, бо яна яго мама…

І тут яшчэ суд па вызначэнні месца жыхарства дзіцяці. У органах апекі працавала аднакласніца сужыцеля Марыны. Мне было сказана: «Плаці аліменты і маўчы!», «Дзіця або маці, або забярэм дзяржаве».

Псіхолаг школы пацвердзіў, што дзіця прывязанае да абаіх бацькоў, але таксама да маёй жонкі і маёй маці. У нас з сынам супольныя інтарэсы і ніколі супраць маці я не настройваў дзіця, у мяне бліжэйшае месца працы, большы адпачынак, значна большы заробак, наяўнасць аўтамабіля. І хоць у мяне па законе была перавага, але я ж МУЖЧЫНА!

Каментары суддзі былі простыя: мама не п'е, калі зап'е, тады і звяртайцеся.

Але я таксама не п'ю! А калі мужчына не плаціць аліменты тры месяцы — гэта крымінальны артыкул.

Я згодны ўтрымліваць сваё дзіця, але не такую былую жонку. Мне параілі звяртацца ў суд, каб я мог бачыць свайго сына ў яго кватэры па месцы яго рэгістрацыі ў адведзены судом час.

Вось так нармальнага мужа, які ўсё рабіў для сям'і, зрабілі дурнем. Кватэра ў супольнай уласнасці…

Вось так нармальнага бацьку пазбавілі сына. І ўсё ЗАКОННА!

Я ж працягваю жыць па сумленні. Выплачваю грошы па судах і жыву без капейкі увесь у пазыках, плачу крэдыт за кватэру і, даглядаючы іншае дзіця, дару яму любоў, яно радуецца і крычыць: «Тата!» У мяне ёсць каханая жонка і цяпер ужо сапраўдная сям'я, я цяпер разумею, калі ў сям'і любоў і павага, калі супольны бюджэт. Мой сын рвецца да мяне, але Марына яго пускае рэдка.

…Я люблю сваю краіну, але ў ёй не працуюць законы і суды, у ёй няма роўнасці мужчыны і жанчыны. Жанчына ў нас заўсёды мае рацыю. Міліцыя не абароніць вас ад жанчыны з парушанай псіхікай. Шлюбная дамова не абароніць мужчыну, яна можа быць складзена толькі на карысць жанчыны, інакш лёгка можа быць адмененая толькі на падставе яе словаў. Якім бы вы ні былі татам, калі маці не поўная алкагалічка — дзіця аддадуць ёй, і законы ні пры чым, а справа мужчыны толькі плаціць аліменты.

У нашай краіне нармальны мужчына ніяк не застрахаваны на выпадак разводу.

Мяне пазбавілі сына, і я не змагу выхаваць з яго годнага грамадзяніна краіны…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?